Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 31 ліпеня па ўсёй краіне былі затрыманыя 20 чалавек. Сярод іх палітычныя актывісты, блогеры, валанцёры аб’яднанага штабу, а таксама журналісты «Белсату».
Праваабаронцам вядома, што для адбыцця 15-суткавага арышту ў Воршы быў затрыманы адміністратар Telegram-каналу «Ворша для жыцця» Аляксандр Андрэеў.
Таксама сёння асудзілі на 25 базавых велічынь штрафу Кацярыну Гарэлікаву, а прама з суда ў ІЧУ забралі Генадзя Ларыёнава. Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту яшчэ 26 чэрвеня.
Таксама сёння суд адбыўся і над Вадзімам Капорыкавым. Яго судзіў Мікалай Драгуноў, які прызначыў мужчыне пакаранне ў 12 сутак арышту.
Вядома, што за кратамі знаходзіцца і Міхаіл Чамурака. Ён адбывае 10 сутак арышту, прызначаных судом 27 ліпеня.
А 28 ліпеня быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту Ілля Ціханаў. У той дзень ён на сваёй машыне мусіў везці давераных асобаў Святланы Ціханоўскай на пікет у Талачын.
У Наваполацку забралі з дому Андрэя Зуева для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў 14 сутак. Мужчыне пагражалі, што сацыяльная служба прыйдзе для праверкі ўмоў пражывання яго малых дзяцей.
На 14 сутак таксама забралі і Артура Сiнегу адразу з працы – заводу Нафтан.
Telegram-канал «Еўрапейская Беларусь» паведамляе аб арышце іх актывіста Яўгена Афнагеля. У дадзены момант актывіст знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна.
Магчыма ён адбывае 15-сутачны арышт за пікет па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, які праходзіў на Камароўскім рынку. Пры якіх абставінах і дзе Яўген Афнагель быў затрыманы, невядома.
Таксама адбываць раней прысуджаныя 15 сутак арышту забралі актывіста Максіма Вінярскага.
У Берасці яшчэ 28 ліпеня быў затрыманы Андрэй Шарэнда, сёння яго даставілі ў суд. Яго вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта размясціў заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Telegram-канале. 24 ліпеня ў доме Андрэя Шарэнды адбыўся ператрус, міліцыя канфіскавала лічбавыя носьбіты і прылады. У выніку суд пакараў Шарэнду 15 суткамі арышту за заклік у інтэрнэце да ўдзелу ў акцыі 14 ліпеня.
У Слуцку ў другой палове дня 31 ліпеня былі затрыманыя валанцёры «Краіны для жыцця» Шыловіч Арцём, Анісейка Сяргей і Якубовіч Уладзімір за раздачу памятак «Сумленных людзей».
У горадзе затрыманы зборшчык подпісаў за Віктара Бабарыку Юрый Навіцкі. 30 ліпеня а 16-ай гадзіне ў ягоным доме распачаўся вобшук. Журналісты «Ганцавіцкага часу» даведаліся, што зараз ён затрыманы. Меркаваны суд мусіў адбыцца 31 ліпеня.
Учора падчас пікетаў Святланы Ціханоўскай у Лідзе і Маладзечна былі затрыманыя журналісты «Белсату» Галіна Абакунчык і Уладзімір Лунёў.
У Маладзечна падчас стрыму з мітынгу Святланы Ціханоўскай затрымалі Дзяніса Дзюбу, Змітра Міцкевіча, Марыю Арцыбашаву ды Алеся Сіліча. Праз некалькіх гадзінаў іх выпусцілі.
Праваабаронцы паведамляюць, што за ўвесь час выбарчай кампаніі на Беларусі было затрымана больш з тысячу чалавек.
КТ belsat.eu