У Беларусі сёлета пачнуць выдаваць ID-карткі і біяметрычныя дакументы. Яны будуць дзейнічаць нароўні з пашпартамі


Сёлета ў Беларусі пачнуць выдаваць два новыя дакументы – ID-картку і біяметрычны пашпарт. У МУС кажуць, што для гэтага ўжо ўсё гатова.

Улады плануюць, што ўжо ў 2021 годзе больш за 800 тысяч беларусаў атрымаюць ID-картку. Пры гэтым атрымліваць новыя дакументы беларусаў пакуль не абавязваюць, ініцыятыва добраахвотная. Звычайны пашпарт і ID-картка будуць дзейнічаць нароўні.

«Мы думаем, што чэргаў ніякіх не будзе. Дзейны пашпарт будзе сапраўдным да тэрміну яго заканчэння. Гэта вельмі тонкі момант, які трэба разумець усім грамадзянам. Пасля ўкаранення біяметрычных дакументаў не трэба кідацца і бегчы іх атрымліваць. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Гэтыя два дакументы – пашпарт і ID-карта – будуць дзейнічаць нароўні ў дзяржаве. Таму мы наплыву не чакаем і не думаем, што ён адбудзецца», – адзначыў намеснік начальніка Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Павел Хрышчановіч у эфіры «Беларусь 1».

У будучыні ID-карткі мусяць стаць адзіным дакументам, які сведчыць асобу на тэрыторыі Беларусі. ID-картка – гэта пластыкавая смарт-картка з інтэгральнай схемай. Як паведамляе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, на ёй будзе імя і прозвішча ўладальніка, фота, дата народзінаў, пол, грамадзянства, ідэнтыфікацыйны нумар і нумар карткі. На адваротным баку будзе QR-код, дата выдачы карткі і орган, які яе выдаў.

Узор ID-карткі. Крыніца – mpt.gov.by
Узор ID-карткі. Крыніца – mpt.gov.by

Людзі, якія атрымаюць ID-картку, будуць мець электронны лічбавы подпіс і асабісты электронны кабінет. Гэта дазволіць дыстанцыйна атрымліваць паслугі і рабіць адміністрацыйныя працэдуры, пераведзеныя ў электронную форму.

Яшчэ адзін дакумент, які сёлета змогуць атрымаць беларусы, – біяметрычны пашпарт. Гэты пашпарт патрэбны толькі для выезду за мяжу. Вонкава дакумент будзе падобны да звычайнага пашпарту, але ў ім будзе мікрасхема з персанальнымі звесткамі.

Узор біяметрычнага пашпарту. Крыніца – mpt.gov.by

Біяметрычны пашпарт і ID-картку можна будзе атрымаць у аддзелах грамадзянства і міграцыі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў