У Беларусі створаць новы дзяржаўны тэлеканал. Абяцаюць, што ён будзе як Euronews і BBC


Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч паведаміў, што ў Беларусі створаць новы навінны тэлеканал. Пра гэта стала вядома пасля нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ, піша БелТА.

«Размова ішла аб стварэнні навіннага тэлевізійнага канала ў фармаце работы Белтэлерадыёкампаніі. Ён будзе створаны сёлета і пачне працу калі не ў канцы года, то ў пачатку наступнага», – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

Аб стварэнні ў Беларусі асобнага канала навінаў накшталт Euronews Лукашэнка ўпершыню загаварыў яшчэ амаль два гады таму. Цяпер кіраўнік дзяржава ізноў закрануў гэтую тэму: «Людзі вельмі занятыя, каб слухаць працяглыя, як увечары на БТ ці СТВ, выніковыя перадачы… На працягу дня людзі хочуць атрымаць галоўную інфармацыю». «Таму трэба сціснутая, кароткая інфармацыя па сутнасці з нейкім відэашэрагам», – дадаў ён.

«Я разглядаў бы гэты праект як праект усіх дзяржаўных СМІ, – падкрэсліў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, – Гэта будзе, як мы пакуль бачым, тыповы навінны інфармацыйна-аналітычны тэлевізійны канал. Можна параўнаць, напэўна, з Euronews, можа быць, з BBC, хай гэта нясціпла, пакуль мы яшчэ не стварылі яго. Як мы мяркуем, вяшчаць ён будзе з 7.00 да 24.00. будзе створаны на базе Белтэлерадыёкампаніі, Агенцтва тэленавінаў. Гэта будзе асобная кнопка.

І ён будзе працаваць ва ўвязцы з пашыранай інтэрнэт-дырэкцыяй Белтэлерадыёкампаніі, якую таксама вось-вось чакаюць вялікія рэформы. Усе нашыя прапановы былі падтрыманыя. І цалкам магчыма, што ў бліжэйшы час у нашай краіне з’явіцца яшчэ адзін інфармацыйны інтэрнэт-партал. Гэта будзе сімбіёз тэлебачання і інтэрнэту», – распавёў Іван Эйсмант.

У праекце могуць удзельнічаць усе тэлеканалы і іншыя СМІ, у тым ліку друкаваныя. «Гэта будзе вялікая шматгадзінная пляцоўка для ўсіх – блогераў, аналітыкаў… Натуральна, для навінных выпускаў. Мы будзем радыя бачыць усіх у сябе», – падкрэсліў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі.

Hавiны
У «Клубе рэдактараў» абвінавацілі Літву ў «антыбеларускай падрыўной дзейнасці»
2019.12.07 10:04

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў