У Беларусі стартаваў Тыдзень супраць смяротнага пакарання - гэта фільмы, дэбаты і рок-фестываль


Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі ўжо ў сёмы раз пройдзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Лозунг сёлетняй імпрэзы – «Правасуддзе без забойства». У межах мерапрыемства ў Горадні, Магілёве і Менску пройдуць кінапаказы, дыскусіі, гульня жывога дзеяння і фестываль «Рок за жыццё».

У суботу ў сталічным клубе заграюць «RE:PUBLIC», «Nizkiz», «Крама», «РСП», «Re1ikt» і «Luty Sakavik», у нядзелю амаль тым жа складам – у магілёўскім клубе «Cuba».

У межах тыдня можна паглядзець «Кароткі фільм пра забойства» Кшыштафа Кесьлёўскага, задаць пытанні праваабаронцам Валянціну Стэфановічу ды Андрэю Палуду ды паўдзельнічаць у ролевай гульні жывога дзеяння, перад якой у кантэкст выканання смяротнага прысуду ўдзельнікаў пагрузяць беларускія юрысты.

З поўнаю афішаю Тыдня можна пазнаёміцца на старонцы кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

З 1996 года, калі адбыўся Рэферэндум, які пакінуў смяротнае пакаранне ў сіле, дзяржава выканала 199 прысудаў. Паводзе сёлетняга сацыялагічнага даследавання ў сярэдненаселеных беларускіх гарадах, «цвёрда за» смяротнае пакаранне выказаўся 31 % беларусаў, яшчэ 40 % – «хутчэй за». Праціўнікаў агулам – 27 %.

Аб’ектыў
Гарадзенцы пра смяротнае пакаранне: Інʼекцыя танней, чым 30 гадоў кармлення
2017.09.13 22:13

Як чалец Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе Беларусь абавязалася інфармаваць грамадскасць пра смяротнае пакаранне, аднак гэтыя звесткі ўсцяж застаюцца аднымі з самых засакрэчаных. Гэтак, сваякі асуджаных нават не ведаюць месца пахавання расстраляных.

Улады абяцаюць, што адменяць яе, калі ідэю падтрымае большасць грамадзянаў. Юрысты кажуць, што гэта можа не адбыцца ніколі і звяртаюцца да ўладаў адмовіцца ад гэтай з’явы.

Пра тое, што Беларусь дапускае ўвядзенне мараторыю на выкананне вышэйшай захады ці нават яе скасаванне, у жніўні заявіла прадстаўніца Гендырэктарату правоў чалавека і захавання законнасці Рады Еўропы Тат’яна Тэрмачыч.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў