У Беларусі старшыняў выканкамаў адправілі на курсы тэрытарыяльнай абароны


З 12 па 16 сакавіка на факультэце Генеральнага штаба Узброеных сілаў Ваеннай акадэміі праводзяцца курсы «Тэрытарыяльная абарона» са старшынямі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў.

«У ходзе заняткаў навучэнцы вывучаць кіроўныя дакументы па пытаннях тэрытарыяльнай абароны, парадак фармавання штаба раёну тэрытарыяльнай абароны і вайсковых часцей тэрытарыяльных войскаў. Пры гэтым асноўная ўвага будзе нададзеная пытанню арганізацыі падрыхтоўкі і вядзення тэрытарыяльнай абароны ў раёне», – паведамляюць у Мінабароны Беларусі.

У канцы навучання старшыні выканкамаў здадуць залікі. Курсы, як адзначаецца, праводзяцца на планавай аснове. Іх правядзенне абумоўлена «неабходнасцю падтрымання на належным узроўні індывідуальнай падрыхтоўкі кіроўнага складу раённых выканаўчых камітэтаў па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы з улікам сучасных рызыкаў і пагрозаў».

Адзначым, што 12 сакавіка сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась уручыў міністру абароны абароны Андрэю Раўкову даручэнне Аляксандра Лукашэнкі правесці праверку Узброеных сілаў Беларусі. Праверка ўключае ў сябе правядзенне вучэнняў з баявой стральбою, фармаванне асобнай механізаванай брыгады ды інш. З запасу прызываецца да 2 тыс. ваеннаабавязаных.

Стужка навінаў