У Беларусі стала меней прыхільнікаў АЭС і ядравай энергетыкі

Колькасць прыхільнікаў будаўніцтва атамнай электрастанцыі і ядравай энергетыкі ў цэлым цягам мінулага году зменшылася, сведчаць вынікі сацыялагічнага пытання, якое зладзіў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі па замове Мінэнерга краіны, піша interfax.

Станоўча паставіліся да будаўніцтва БелАЭС 59,8 % рэспандэнтаў. У аналагічным даследаванні 2018 года прыхільнікаў атамнай электрастанцыі было 60,8 %. Колькасць праціўнікаў будаўніцтва АЭС вырасла да 26,8 % (у 2018 годзе было 26,2 %).

Адначасова зменшылася і колькасць прыхільнікаў ядравай энергетыкі.Паводле даследавання станоўча на гэты конт выказаліся 48,5 % рэспандэнтаў, у 2018 годзе прыхільна ставіліся да ядравай энергетыкі 51,6 %.

У сацыялагічным апытанні прынялі ўдзел 2 тысячы рэспандэнтаў, у тым ліку 300 асобаў з Астравецкага раёну.

Беларуская АЭС, супольны з Расеяй праект, будуецца ў Астраўцы. На гэтыя мэты Масква выдзеліла Беларусі крэдыт у памеры 10 мільярдаў долараў ЗША. Раней генеральны дырэктар БелАЭС Міхаіл Філімонаў заявіў, што фізічны пуск першага энергаблока станцыі плануецца ў студзені 2020 года.

Будаўніцтва АЭС неаднаразова крытыкавалі польскія і літоўскія дыпламаты праз небяспеку, якую можа ўяўляць станцыя для суседніх з Беларуссю краінаў.

На БелАЭС рыхтуюцца да «гарачай абкаткі» рэактара

СК belsat.eu

Глядзі таксама