У Беларусі сказалі: Не – Расеі!


Супраць яднання з крывавым агрэсарам, які нясе іншым народам толькі вайну і няволю – каля расейскай амбасады ў Менску сёння адбыўся пікет супраць шавінізму і імперыялізму ўсходняй суседкі. Удзел у акцыі, арганізаванай «Маладым Фронтам» узялі 12 чалавек.

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, ЛІДАР «МАЛАДОГА ФРОНТУ»:

«Мы прышлі сюды, каб засведчыць, што беларускае грамадства не прымае аніякіх саюзаў з імперскай Расеяй, з гэтай імперыяй, якая імкнецца ў крыві патапіць свабоду суседніх народаў».

Роўна 20 гадоў таму ў Маскве гарэлка лілася ракою ды стаяў звон ад разбітых келіхаў: Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі ў Белакаменнай дамову аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расеі. Дату падпісання дакументу ж і абʼявілі Днём яднання абодвух народаў. Яшчэ праз год зʼявілася і дамова аб стварэнні Саюзу Беларусі і Расеі, гэтак званай, Саюзнай дзяржавы. Паводле ж удзельнікаў сённяшняга пікету, гэта аніякі не саюз, а турма народаў.

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, ЛІДАР «МАЛАДОГА ФРОНТУ»:

«Калі раней, да Крыму і Данбасу, былі нейкія ілюзіі ў ліберальных палітыкаў: маўляў, з Расеі можа прыйсці нейкая дэмакратыя – глядзелі НТВ, нехта захапляўся, то цяпер маскі скінутыя. І ўсё стала на свае месцы: як толькі «братнія», як заяўляе Расея, рэспублікі імкнуцца да нейкай самастойнасці, тут жа вылазяць імперскія клыкі».

Мінак назваў маладафронтаўцаў фашыстамі падчас антырасейскай акцыі

Літаральна праз пяць хвілінаў ад пачатку акцыі зʼявіліся міліцыянты і склалі на ўдзельнікаў пратаколы. Між тым актывісты заяўляюць, што сваёй галоўнай мэты дасягнулі: прадэманстравалі, што значная частка беларусаў не хоча аніякіх саюзаў з Расеяй. Гэтыя высновы, дарэчы, пацвярджаюць і эксперты. Паводле сакавіцкага даследавання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, за абʼяднанне краінаў выступаюць менш за чвэрць нашых суайчыннікаў (24,8 %), і больш за палову – супраць (52,4 %).

ПАВАЛ ПРАКАПОВІЧ, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ:

«Расея – гэта вайна. Пуцін вядзе агрэсіўную палітыку паўсюль, дзе ён сунецца: і ўва Украіне, і ў Малдове, і ў Грузіі. Мы – на чарзе!»

НАТАЛЛЯ БОРДАК, УДЗЕЛЬНІЦА АКЦЫІ:

«Я не хачу, каб мае сыны былі гарматным мясам для імперыі зла!»

МІКОЛА БАНДАРЭНКА, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ:

«У нас свая краіна, у нас суверэнная дзяржава – хай і будзе свабодная, незалежная, суверэнная! Не трэба ні туды, ні сюды. Мы маем права на самавызначэнне!»

Цікава, што інтэграцыю, пра якую гэтак шмат гаварылася гэтыя 20 гадоў, Беларусь і Расея па-рознаму разумеюць нават на афіцыйным узроўні. Пра гэта заявіў прэмʼер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў у інтэрвʼю расейскім медыям, тлумачачы прычыну правалу двухбаковых інтэграцыйных праектаў у прамысловасці. Маўляў, Расеі найперш важна завалодаць усёй маёмасцю, а Беларусь хоча перадусім, каб праект даваў хоць нейкі плён.

ВР, «Белсат»

Стужка навінаў