У Беларусі рэзкі рост цяжкіх пнеўманіяў. Магчыма, вінаватая спёка

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У Менску і Менскай вобласці з панядзелка пасля пэўнага спаду вырасла колькасць цяжкіх пнемаўніяў. Адной з прычынаў гэтага можа быць надвор’е.

Рост цяжкіх пнеўманіяў пачаў назірацца прыкладна з 8 чэрвеня, распавёў у каментары belsat.eu лекар, які працуе ў адной з больніцаў Менскай вобласці і які пажадаў застацца ананімным.

«У больш за палову – 50 – 60 % – паражэнне лёгкіх. І сярод іх дзесьці для 70 % патрэбны кісларод», – распавёў ён.

Паводле яго, зараз таксама шмат выпісваюць тых пацыентаў, якіх шпіталізавалі раней, «але на іх месцы адразу ж трапляюць новыя».

https://belsat.eu/news/u-belarusi-ad-karonavirusa-pamerli-293-chalaveki/

На думку доктара, такі рост пнеўманіяў можа быць звязаны са спякотным надвор’ем, у выніку чаго пацыентам цяжка дыхаць і расце зона паражэння лёгкіх.

«Або людзі проста расслабіліся і не ходзяць ні ў масках, ні ў рэспіратарах. Можна паглядзець вакол у крамах або на вуліцы, і часцей за ўсё з дзясяткаў толькі адзін-два ў масцы або ў рэспіратарах», – адзначыў суразмоўца.

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Ён таксама падкрэсліў, што 99 % тых, хто трапляе ў стацыянар з пнеўманіямі, не былі раней прышчэпленыя ад грыпу. Ва ўсіх шпіталізаваных выяўляецца каронавірус.

Літоўскія эксперты: Статыстыка пра каронавірус у Беларусі штучна заніжаная

«Зараз у нас, паводле пастановы, калі ёсць у чалавека КТ-карціна COVID-19, двухбаковае паражэнне ці клінічныя праявы (тэмпература, кашаль, слабасць, аддышка), калі падае сатурацыя кіслароду, тады мы ў праве без наяўнасці мазкоў або экспрэс-тэстаў ставіць каронавірусную інфекцыю такім пацыентам. А ўжо потым праз пяць дзён мы робім экспрэс-тэст і глядзім, ці былі знойдзеныя антыцелы ці не. Калі не было, мы робім яшчэ адзін тэст. І, калі няма, мы не ставім каронавірусную інфекцыю, а ставім пнеўманію, але такіх пакуль не было», – кажа медык.

Спёка неўзабаве спадзе

Паколькі спякотнае надвор’е можа быць прычынай цяжкага працякання каронавірусных пнеўманіяў, мы вырашылі даведацца, як доўга яшчэ працягнецца гарачыня.

Як адзначыў у каментары belsat.eu начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамету Аляксандр Бяганскі, такое спякотнае надвор’е працягнецца нядоўга. Яшчэ ў пятніцу, 12 чэрвеня, максімальная тэмпература па краіне дасягне +28..+34°С.

«Але ў той жа час па поўначы рэспублікі за халодным фронтам тэмпература будзе трошкі ніжэйшай – +24..+27°С. Таксама чакаюцца дажджы заўтра на большай частцы тэрыторыі краіны. У суботу, 13 чэрвеня, паціхеньку, па меры змяшчэння атмасфернага фронту на поўдзень спякотнае паветра таксама будзе змяшчацца на поўдзень і на тэрыторыю Украіны, таму паступова спёка будзе слабець», – дадаў спецыяліст.

Глінская: Не варта чакаць, што спёка знізіць захворванне на каронавірус

У выніку ўжо ў суботу на большай частцы тэрыторыі тэмпература складзе +19..+26°С, і толькі ў паўднёвых раёнах будзе да +27°С.

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Пачатак наступнага тыдня прагназуецца даволі цёплым, але ўжо без спёкі ў +30°С. Уночы будзе +11..+18°С, удзень – +20..+26°С, на Гомельшчыне – да +29°С.

«Для сярэдзіны чэрвеня гэта тыя значэнні, якія адпавядаюць сярэднім шматгадовым значэнням. Ужо не спякотна, але яшчэ даволі цёпла. Адзінае, што ў выходныя на поўначы будзе больш прахалодна», – адзначыў Аляксандр Бяганскі.

Што датычыць наступных месяцаў, то, паводле суразмоўцы, сёлета доўгатэрміновыя прагнозы не маюць высокай дакладнасці. Але, падкрэсліў ён, спякотныя дні варта чакаць і ў ліпені, і ў жніўні, а, магчыма, нават і ў верасні.

МГ belsat.eu

Hавiны