У Беларусі расстралялі другога фігуранта справы «чорных рыэлтараў»


Ігару Гершанкову прысудзілі смяротную кару за забойства і махінацыі з кватэрамі.

Паводле ПЦ «Вясна», маці Гершанкова атрымала 28 лістапада ад Магілёўскага абласнога суда пацверджанне, што прысуд выканалі. Аднак калі расстралялі Гершанкова, не ўдакладняецца.

27 лістапада праваабаронцы паведамілі пра пакаранне Сямёна Беражнога. Яго таксама асудзілі па справе «чорных рыэлтараў».

У ліпені 2017 года суд прыгаварыў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога да смяротнага пакарання. У чэрвені 2018 года Вярхоўны суд Беларусі па просьбе камітэта ААН па правах чалавека прыпыніў выкананне прысуду. Пра адмену гэтага рашэння не паведамлялася.

З 2009-га да 2015 года група чатырох зламыснікаў, у якую ўваходзілі 36-гадовы Ігар Гершанкоў, 31-гадовы Сямён Беражны, а таксама Таццяна Гершанкова і Барыс Калеснікаў, шукала самотных уласнікаў нерухомасці, пераконвала прадаць кватэры, каб «развязаць усе праблемы», а пасля забівалі іх. На могілках у Магілёўскай вобласці знайшлі шэсць пахаванняў і яшчэ тры ямы для будучых ахвяраў. Некаторых закопвалі жыўцом, пакуль ахвяры спалі пад дзеяннем гарэлкі і клафеліну.

Таццяне Гершанковай прысудзілі 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці, Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і СНД, дзе дзейнічае смяротнае пакаранне.

Яшчэ ў 96-ым годзе супраць адмены смяротнага пакарання прагаласавалі 80,44 % беларусаў.

У перыяд з 2012-га да 2017-га года на расстрэл у нашай краіне асудзілі 14 чалавек. Варта падкрэсліць, што ў 2012 і 2014 гадах гэткіх выракаў не выносілі.

Пад смяротнае пакаранне паводле Крымінальнага кодэксу падпадаюць 14 злачынстваў. Напрыклад, за развязанне і вядзенне агрэсіўнае вайны, усялякія віды тэрарызму, генацыд, забойствы, дыверсіі, забойства міліцыянта ды іншае. Не падпадаюць пад смяротнае пакаранне жанчыны, няпоўнагадовыя і каму споўнілася шэсцьдзесят пяць.

Вярхоўны Суд можа адмяніць вырак, а прэзідэнт – памілаваць. Але гэта здарылася толькі аднойчы: у 2003 годзе Вярхоўны Суд адмяніў смяротную кару Дзмітрыю Хархалю, замяніўшы яе на 15 гадоў калоніі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў