У Беларусі распрацуюць праект развіцця канкурэнцыі дзяржаўным СМІ?


Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі адказала на запыт дэпутаткі Ганны Канапацкай пра парушэнне антыманапольнага заканадаўства дзяржаўнымі СМІ на рынку інфармацыйных паслуг.

У дакуменце ведамства паведамляе, што ўжо распрацоўвае праект праграмы развіцця канкурэнцыі, у якім прадугледжаны крокі, скіраваныя на развіццё канкурэнцыі на гандлёвых рынках і павышэнне эфектыўнасці функцыянавання эканомікі.

Таксама ўжо выяўленыя сферы эканомікі, у дачыненні якіх распачалі аналітычную працу.

Сярод прыярытэтных кірункаў – топліўна-энергетычная і страхавая сферы, перавозкі, электрасувязі. Пасля аналізу вышэй згаданых сфераў МАРГ возьмецца за рынак інфармацыі, аналітыкі і кантэнту медыяў.

«МАРГ усведамляе наяўнасць праблемы манаполіі дзяржаўных медыяў на рынку Беларусі, але значна абмежаваны ў сваіх самастойных рашэннях. Спадзяюся, што дзякуючы ўжо распачатаму ўзаемадзеянню з міжнароднымі арганізацыямі, праблема манаполіі вырашыцца. Рынак інфармацыі – гэта інвестыцыйна прывабны сегмент бізнесу, які можа даць прыток новых працоўных месцаў, інвестыцыя, тэхналогій», – напісала Ганна Канапацкая ў Facebook.

Ужо цяпер МАРГ разам з дзяржаўнымі органамі ды бізнес-супольнасцю аналізуе гандлёвыя рынкі на прадмет захавання роўных умоваў для дзейнасці арганізацыі ўсіх формаў уласнасці і добрасумленнай канкурэнцыі.

7–9 жніўня ў офісах Tut.by і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні паўтара дзясяткаў журналістаў, якіх вінавацілі ў «несанкцыянаваным доступе да інфармацыі БелТА». Цяпер следчыя паступова спыняюць крымінальны пераслед.

Дзяржаўныя СМІ, у тым ліку БелТА, шмат гадоў маюць манаполію на афіцыйную інфармацыю і фінансуюцца з бюджэту, то бок жывуць за кошт падаткаплацельшчыкаў.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў