Некаторым прысудзілі содні, іншыя суды перанесеныя на больш позні тэрмін.
26 траўня РАУС Першамайскага раёну Менску прысудзіў актывістцы Вользе Мікалайчык 13 содняў адміністрацыйнага арышту. Прычына – удзел яшчэ 27 сакавіка ў стрыме Сяргея Ціханоўскага.
На самое паседжанне актывістка не пайшла праз хваробу. Яна распавяла, што зараз прымае антыбіётыкі, а арышт перашкодзіў бы працягнуць лячэнне. Да 31 траўня актывістка застанецца ўдома, а потым будзе выходзіць з ужо сабранымі рэчамі.
«Але па мяне ў любы момант могуць прыйсці, бо ў мяне жыве Дзіма Паліенка, які зараз на хатняй хіміі і да яго ходзяць міліцыянты ўвесь час. Таму мяне нават уначы могуць выцягнуць. Буду зачыняцца ў сваім пакоі – маю замок», – распавяла «Белсату» Вольга.
Сёння, 26 траўня, у Берасці, Лідзе і Менску прайшлі чарговыя суды над актывістамі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У Берасці ў чарговы судзяць праваабаронцу Рамана Кісляка. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 12 красавіка і 3 траўня (шэсце «кармленне галубоў»). Ён не ўдзельнічаў у акцыі, але быў назіральнікам.
Сёння вырак праваабаронцы не быў выкананы. Пасля выступлення сведкаў – супрацоўнікаў міліцыі – паседжанне было перанесенае на 10:00 27 траўня.
Сёння ў Лідзе судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве Вітольда Ашурка, актывіста з Бярозаўкі. У гадавіну чарнобыльскай трагедыі ён зрабіў адзіночны пікет.
Паседжанне таксама перанеслі на 11:00 1 чэрвеня для больш дэталёвага вывучэння матэрыялаў адміністратыўнай справы. Суддзя падазрае нейкія нестыкоўкі ў сведчаннях міліцыянтаў.
За апошні месяц у Беларусі былі затрыманыя каля сотні чалавек, шмат хто з іх атрымалі содні.
КТ Belsat.eu