У Беларусі плануюць зрабіць больш жорсткім пакаранне для пʼяных кіроўцаў


Афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак паведаміла, што ў Беларусі плануецца ўзмацніць пакаранне для пʼяных кіроўцаў, у прыватнасці за ДТЗ са смяротным вынікам. Пра гэта піша БелТА.

Гэтак, плануецца ўнесці змены ў Крымінальны кодэкс. Цяпер кіроўцу за пʼянае ДТЗ, калі па яго віне чалавек загінуў або атрымаў цяжкія траўмы, пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. У выпадку прыняцця паправак пакаранне стане больш жорсткім – пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.

Акрамя таго, прапануецца пʼяных кіроўцаў – вінаватых смяротных ДТЗ, а таксама тых, хто перадаў нецвярозаму аўтамабіль, пазбаўляць права кіравання на тэрмін да 8 гадоў (цяпер да 5 гадоў).

Шэраг паправак плануецца ўнесці ў КаАП і ПВКаАП. У арт.18.16 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях прапануецца прапісаць дыферэнцыраваную адказнасць у залежнасці ад канцэнтрацыі алкаголю ў крыві. ПВКаАП (ч.8 арт.8.7, накладанне арышту на маёмасць) плануецца дапоўніць нормай, якая дазваляе накладаць арышт на транспартны сродак кіроўцы, які трапіўся на пʼянай яздзе, перадаў нецвярозаму права кіравання, а таксама сеў за руль без правоў.

Прапанаваныя ініцыятывы ўключаныя ў праект закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці». Плануецца, што ў Палату прадстаўнікоў папраўкі паступяць у красавіку 2020 года.

Hавiны
Загінулі пяцёра чалавек. Сталі вядомыя падрабязнасці ДТЗ ля Белаазёрску
2019.07.07 18:29

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў