У Беларусі пасля 9 жніўня затрымалі амаль 12 тыс. чалавек


Колькасць людзей, якія ў 2020 годзе ў Беларусі прайшлі праз адміністрацыйныя затрыманні або проста затрыманні, зашкальвае. Пра гэта ў інтэрв’ю «Настоящему времени» заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«Такога, на самай справе, не было ў гісторыі Беларусі ніколі. Перад днём выбараў прайшлі прыкладна 1700 чалавек праз затрыманні. Пасля 9 жніўня – ужо пад 12 тысяч. Мы проста маем нейкія каласальныя лічбы людзей, але людзі не здаюцца, людзі працягваюць супраціўляцца, і гэтая лічба не канчатковая», – паведаміў праваабаронца.

Паводле яго, звычайна нават у гады прэзідэнцкіх выбараў, у 2006 годзе ці ў 2010-м, у Беларусі за год было да 3 тысяч людзей, якія цярпелі рэпрэсіі.

Пры гэтым, адзначыў Бяляцкі, у Беларусі паводле крымінальных справаў праходзяць каля 300 чалавек, якія з палітычных матываў сядзяць у СІЗА або знаходзяцца пад падпіскай.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў