У Беларусі не хапае дактароў, каб вылечыць усіх


У восеньска-зімовы перыяд беларусы звычайна пачынаюць хварэць часцей. Але незалежна ад сезону хранічна невылечная і ўся айчынная медыцына – праз крытычны недахоп медперсаналу. І калі да тэрапеўта звычайна можна трапіць без праблемаў, то да больш вузкіх спецыялістаў паўстаюць чэргі, калі спецыялісты гэтыя ў паліклініцы ўвогуле ёсць.

Кіраўніцтва хлусіць?

Акрамя таго, немагчыма запісацца да афтальмолага, псіхіятра, эндакрынолага, нарколага, анколага. Гэтак сітуацыю ва ўстанове апісвае Камітэт дзяржкантролю Менскай вобласці. Галоўны доктар дзяржынскага шпіталю, часткай якога зʼяўляецца паліклініка, камераў не любіць, але за кадрам сцвердзіў, што праблема з персаналам развязаная.

Хаця раздзел «Вакансіі» на сайце ўстановы сведчыць пра іншае: шукаюць трох гінеколаў, столькі ж тэрапеўтаў, шэраг спецыялістаў, 16 медычных сёстраў і амаль столькі ж фельчараў.

Кадравы голад ва ўсім рэгіёне

Дзяржынск далёка не выключэнне. Кадравы голад у медыцыне ахоплівае ўвесь рэгіён, выявіў Камітэт дзяржкантролю: у Старадарожскім раёне з неабходных 97 дактароў працуюць трошкі больш за палову, у Крупскім – 61 са 105-ці, у Мядзельскім – 80 са 133-х. Сярэдні заробак працаўніка сферы аховы здароўя ў верасні складаў Br 589. Але паводле намесніцы прэмʼер-міністра Наталлі Качанавай, гэта нармальна: «як дактары працуюць, гэтак і зарабляюць», заяўляла яна раней. А працуюць дастаткова: дзеля больш-менш годнага жыцця нават і на паўтары стаўкі.

«Пад час грыпу, колькі прымае звычайны доктар у паліклініцы? Там не ідзе размова ні пра якія ўжо стандарты і нарматывы на агляд чалавека, проста фізічна, каб усіх прапусціць праз сябе. Гэта ўсё прыводзіць да таго, што медыкі проста выгараюць», – тлумачыць рэаніматолаг Зміцер Салошкін.

Дактары сыходзяць праз благія ўмовы працы

І сыходзяць з прафесіі туды, дзе больш грошай: у касметалогію, гандаль, прыватныя клінікі. Маладыя дактары зʼязджаюць за мяжу. Сярод прычынаў могуць быць не толькі малыя заробкі, але і ўмовы працы.

«Зараз кожны доктар, у залежнасці ад сваёй адміністрацыі, дастаткова неабаронены перад скаргамі, нейкімі памылкамі, ці калі людзі лічаць, што гэта была памылка. На Захадзе доктар не даводзіць сваю правату, гэтым займаецца адмысловы юрыст», – распавядае Зміцер Салошкін.

Міністэрства аховы здароў: усё будзе добра

Агулам па краіне дэфіцыт лекараў сягае амаль дзвюх тысячаў, яшчэ больш не хапае медсёстраў.

У Міністэрстве аховы здароўя запэўніваюць, што сітуацыя недахопу дактароў «выроўніваецца» і поўнасцю вырашыцца ўжо ў 2017-м коштам павелічэння колькасці выпускнікоў медыцынскіх ВНУ. Бо паводле міністра Жарко, для медыкаў «у нас ёсць галоўнае – стабільнасць». Застаецца толькі захапляцца аптымізмам чыноўнікаў.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Стужка навінаў