У Беларусі можа з'явіцца прарасейская партыя «Саюз». Што пра іх вядома?


Дзяржаўны тэлеканал ОНТ увечары 21 кастрычніка паведаміў, што ў Беларусі да канца года можа з’явіцца новая палітычная партыя – «Саюз». Belsat.eu разбіраўся, што гэта за структура і чым яна вядомая.







Новая партыя мусіць паўстаць з грамадзянскай ініцыятывы «Саюз», якая выступае за паглыбленую інтэграцыю Беларусі і Расеі. Паводле ОНТ, рашэнне стварыць партыю ўзнікла падчас працы камітэту ініцыятывы, які займаецца зборам прапановаў аб карэктаванні Канстытуцыі Беларусі. Паседжанне аргкамітэту па стварэнню партыі «Саюз» адбылося ў Менску 18 кастрычніка.

За што выступае «Саюз»?



У заяве аргкамітэту партыі адзначаецца, што «Саюз» плануе садзейнічаць развіццю беларуска-расейскай інтэграцыі і ўмацоўваць цывілізацыю «рускага свету». Таксама «Саюз» заклікае афіцыйны Менск прызнаць Крым расейскай тэрыторыяй і прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.



«Саюз»
Паседжанне аргкамітэту па стварэнню партыі «Саюз». Фота – souyz.by




Фармальна лідары «Саюза» ніколі не казалі пра тое, што Беларусь мусіць увайсці ў склад Расеі. Афіцыйна ў статутных дакументах грамадзянскай ініцыятывы падкрэслівалася, што рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржаве нібыта не прадугледжвае ўшчамлення незалежнасці і суверэнітэту Беларусі і Расеі. Аднак цяперашні ўзровень інтэграцыі дзвюх краінаў «Саюз» лічыць нездавальняючым. Як адзначалася ў ранейшым маніфесце ініцыятывы, інтэграцыі ў тым ліку перашкаджаюць «краіны Захаду і іх марыянеткі – беларускія нацыяналісты і расейскія лібералы».

Лідары «Саюзу» – хто яны?



Сяргей Лушч
Сяргей Лушч на пракрамлёўскім форуме «Крымскі сцэнар» у Севастопалі. Фота – rosbelsoyuz.su




Узначальвае аргкамітэт па стварэнню партыі Сяргей Лушч – лідар маладзёвай арганізацыі «Русь маладая» (Румол), арганізатар прарасейскіх імпрэзаў у Беларусі, адзін з ініцыятараў шэсця «Бессмертный полк» у 2018 годзе. У аргкамітэт таксама ўвайшлі Мікалай Сяргееў, Андрэй Тапаз, Глеб Волкаў, Дзмітрый Семчанка і Уладзімір Груздзеў.



Акцыя «Бессмертный полк» у Менску.
Фота: Ірына Арахоўская/Belsat.eu




Раней Лушч быў адным з чатырох сустаршыняў грамадзянскай ініцыятывы «Саюз», абраных у 2018 годзе на першым з’ездзе арганізацыі. Прычым тады «Саюз» ствараўся менавіта як беларуска-расейская ініцыятыва – двое яе сустаршыняў (Сяргей Бабурын і Станіслаў Бышок) прадстаўлялі Расею.



Сергей Бабурын
Сергей Бабурын. Фота – rosbelsoyuz.su




Сяргей Бабурын – былы дэпутат Дзярждумы трох скліканняў, адзін з арганізатараў нацыяналістычных «Рускіх маршаў», лідар нацыянал-кансерватыўнай партыі «Расейскі агульнанародных саюз», якая ў сваіх статутных дакументах ставіць сваёй мэтаю аб’яднанне РФ, Беларусі і Украіны. Станіслаў Бышок – палітычны аналітык і выканаўчы дырэктар расейскай маніторынгавай арганізацыі CIS-EMO, які ў сваіх працах актыўна прапагандаваў ідэі «Наваросіі».



З беларускага боку разам з Лушчом сустаршынёй быў Леў Крыштаповіч – прафесар і выкладчык, прыхільнік канцэпцыі заходнерусізма. У апошнія гады Крыштаповіч выступаў у публічнай прасторы з крытыкай палітычнай лініі МЗС Беларусі, у якой, на ягоную думку, робіцца занадта моцны акцэнт на ідэях незалежнасці і адкрытасці ўсяму свету, што шкодзіць саюзу з Расеяй.

Як «Саюз» ставіцца да цяперашніх падзеяў у Беларусі?



Марш партызанаў у Менску, 18 кастрычніка 2020 г.
Фота: «Белсат»




18 жніўня 2020 года грамадзянская ініцыятыва «Саюз» апублікавала заяву, дзе адзначалася, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі «з’яўляецца вельмі трывожнай і цягне за сабой непрадказальныя наступствы». Адказнасць за такі стан рэчаў «Саюз» ускладаў як на «прапольскую» апазіцыю, так і на ўлады Беларусі.

«Найважнейшую ролю ў стварэнні такой сітуацыі сыгралі памылкі цяперашняй улады, якія прывялі да рэзкага росту сацыяльнай напружанасці. Пераследуючы выключна свае карпаратыўныя мэты, гэтая ўлада супрацьпаставіла сябе грамадству – спеламу, самастойнага, якое патрабуе перамен. Калі такая палітыка ўлады працягнецца, то раскол між ёй дзяржаўным апаратам і народам Беларусі будзе ўзмацняцца», – сказана ў заяве.



Паводле заявы «Саюзу», палітычны крызіс у Беларусі можна пераадолець толькі шляхам шырокага дыялогу паміж уладамі і «абʼяднанымі агульнай рускай культурай грамадзянскімі сіламі і рухамі».



На сайце «Саюзу» цяпер таксама прапаноўваецца пяць крокаў па выхадзе з палітычнага крызісу ў Беларусі. Сярод іх – рэферэндум па канстытуцыйнай рэформе і датэрміновыя выбары.



Скрыншот з сайту souyz.by




Нагадаем, на дадзены момант у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партыяў, усе яны з’явіліся ў перыяд з 1992 па 2000 год. За апошнія 20 гадоў улады не дазволілі зарэгістраваць ніводнай палітычнай партыі.



ІІ belsat.eu

Стужка навінаў