У Беларусі могуць пачаць збіраць украінскія самалёты


Украінская кампанія «Антонов», вядомая сваймі транспартнымі самалётамі, пакуль не можа наладзіць вытворчасць машын без расейскіх камплектуючых. Абысці гэтую праблему яна спрабуе праз працу на тэрыторыі Беларусі.

Вайна вайной, а абед па раскладзе

Украінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Антонов» і Менскі завод цывільнай авіяцыі № 407 вядуць закрытыя перамовы пра стварэнне сэрвіснага цэнтру ў Беларусі, паведаміў украінскі партал liga.net.

Ан-26 Узброеных сіл Украіны.
Фота: wikipedia.org

Цяпер ідзе размова пра цэлы шэраг аперацыяў, якія будуць праводзіцца ў Беларусі, у тым ліку пра рамонт і зборку самалётаў сямейства Ан-148/158.

«Антонов» – адно з вядучых прадпрыемстваў украінскага ваенна-прамысловага дзяржаўнага канцэрна Укроборонпром і мае больш чым 70-гадовую гісторыю. Найбольш вядомыя мадэлі – лёгкі самалёт Ан-2 («кукурузнік»), пасажырскі самалёт Ан-24, буйны транспартны самалёт Ан-124 «Руслан», самы вялікі самалёт у свеце Ан-225 «Мрія».

Украіна афіцыйна спыніла ўсялякае супрацоўніцтва з Масквою ў ваенна-прамысловай сферы праз агрэсію ў Крыме і на Данбасе. Абодва бакі спынілі пастаўкі важных камплектуючых – Расея, напрыклад, шукае замену рухавікам для сваіх баявых караблёў, а ўкраінскім авіяінжынерам цяжка без некаторых расейскіх камплектуючых.

Ан-225 з адчыненым грузавым люкам.
Фота: wikipedia.org

У Расеі дагэтуль выкарыстоўваюць у розных сферах сотні самалётаў маркі Ан, якія патрабуюць рэгулярнага прафесійнага абслугоўвання і рамонту. Гэта вялізны рынак, які ўкраінская кампанія не хоча да канца згубіць.

Нейтралітэт, які выгадны для ўсіх

Яшчэ ў студзені гэтага году прэзідэнт «Антонова» Аляксандр Крываконь адзначыў, што фірма плануе развіваць сетку сэрвісных цэнтраў, якія будуць абслугоўваць самалёты Ан у «суседніх з Украінаю краінах». Размова ішла, напрыклад, пра сэрвісныя цэнтры ў Беларусі і Казахстане, якія дазволяць абслугоўваць самалёты Ан, якія лятаюць у Расеі. Такіх, па ягоных падліках, не менш за тысячу.

8 Ан-2 расейскай авіякампаніі «Оренбургские авиалинии».
Фота: wikipedia.org

У наступным месяцы справа дайшла да падпісання дакументаў. 20 лютага паміж менскім заводам №407 і «Антоновым» быў заключаны пратакол пра намеры па стварэнні такога цэнтру ў Беларусі. Плануецца, што прадпрыемства будзе:

– падтрымліваць лётны рэсурс самалётаў Ан і падаўжаць тэрмін іх службы;

– арганізоўваць і праводзіць рамонт;

– атрымліваць і рэмантаваць камплектуючыя;

– збіраць на месцы самалёты Ан-148, Ан-158, Ан-178.

Прэс-служба «Антонова» пацвердзіла liga.net. факт перамоваў, аднак адмовілася каментаваць падрабязнасці праекту.

Зараз на заводзе «Антонов» у Кіеве стаяць 10 недабудаваных самалётаў Ан-148/158, якія немагчыма закончыць, бо няма расейскіх камплектуючых, піша партал. Хутка знайсці замену расейскім элементам цяжка, акрамя таго новыя замежныя дэталі, якія непрадугледжаныя пры распрацоўцы ўкраінскіх самалётаў, будуць патрабаваць складанай і доўгай працэдуры сертыфікацыі.

Нейтральная беларуская пляцоўка магла б дапамагчы ўкраінскай кампаніі аднавіць серыйную вытворчасць.

Наш завод – што за ён?

Менскі завод грамадзянскай авіяцыі №407 быў арганізаваны ў 1953 годзе. Цяпер ён знаходзіцца на тэрыторыі аэрапорту Менск-1. Аднак, як пісала «Беларусь Сегодня», ужо цяпер на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту «Менск» «поўнай хадой ідзе будаўніцтва новых карпусоў заводу».

Такім чынам, замежным авіякампаніям, якія захочуць рэмантаваць самалёты ў Беларусі, не трэба будзе далёка адвозіць свае самалёты ад пункту, куды яны прыляцяць.

Рамонт вучэбнага самалёту Ту-134УБЛ Ваенна-марскога флоту Расеі на заводзе №407

Беларускі завод у 2014 годзе атрымаў доступ да расейскай абароннай дзяржаўнай замовы. «Планы прадпрыемства вельмі амбіцыйныя: з уводам у эксплуатацыю новых карпусоў на заводзе збіраюцца засвоіць новыя віды дзейнасці, забяспечыць шырокі спектр паслугаў для замежных авіяперавознікаў і ў перспектыве заваяваць новыя рынкі замоваў на дзесяцігоддзі наперад», – піша «Беларусь Сегодня».

У 2015 годзе на заводзе працавала больш за 700 чалавек.

Дыверсіфікацыя – гарант незалежнасці

Праблемы ўкраінскай кампаніі зараз паказваюць Беларусі, чым небяспечны разрыў адносінаў з Расеяй, з якой беларуская эканоміка і прамысловасць звязаныя дзясяткамі і тысячамі сувязяў. Гэтым жа і сакрэт вымушанай «прарасейскасці» вялікай часткі беларускага насельніцтва.

Завод №407. Фота sb.by

У гэтым кантэксце задачай нумар адзін для беларускіх менеджараў, дыпламатаў і чыноўнікаў робіцца дыверсіфікацыя эканомікі нашай краіны, якая адна можа сапраўды забяспечыць трывалы грунт для дзяржаўнага і культурнага суверэнітэту.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў