У Беларусі могуць быць скарочаныя падставы для адтэрміноўкі ад службы ў войску


Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў анансаваў магчымыя змены ва ўмовах атрымання адтэрміноўкі ад службы ў войску. Паводле Раўкова, цяперашнія правілы кепска ўплываюць на абароназдольнасць краіны.

«У нас у краіне атрымліваецца, што значна частка насельніцтва краіны, якая павінна выконваць воінскі абавязак, не ўдзельнічае ў абароне ў вайсковым сэнсе нашай дзяржавы. Па простым разліках, каля 80% маладых людзей не атрымліваюць вайскова-ўлiковую спецыяльнасць ва Узброеных сілах пры праходжанні тэрміновай або іншых відаў службы. Гэта ўплывае на стан абароненасці дзяржавы і абараназдольнасці, – цытуе міністра БелТА. – Таму тут мы бачым адзіны шлях – унясенне адпаведных зменаў у заканадаўства па пытаннях атрымання адтэрміноўкі. Вядома, гэта не будзе аб’ёмна і вялізарна, але з пэўнай ступенню неабходнасці, захаваннем прынцыпаў разумнай дастатковасці і сацыяльнай абароны грамадзянаў».

Андрэй Раўкоў не ўдакладніў, якія менавіта пункты правілаў адтэрміноўкі плануецца скасаваць.

На дадзены момант адтэрміноўку ад вайсковай службы ў Беларусі можна атрымаць па стане здароўя, для адукацыі, для інтэрнатуры, па сямейнаму становішчу, для атрымання вайскова-тэхнічных спецыяльнасцяў, у сувязі з выкананнем дэпутацкіх паўнамоцтваў і на падставе адмысловых указаў прэзідэнта.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары