У Беларусі каронавірусу няма, нейкіх адмысловых захадаў Мінаховы здароўя пакуль не плануе


Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя распавялі, што выпадкаў каронавірусу ў нашай краіне не выяўлена. Адзіныя захады, якія цяпер зрабілі медыкі, кантроль у нацыянальным аэрапорце, каб не дапусціць кароновірус у Беларусь.

Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя сустракаліся з амбасадарамі Кітаю. Медыкі ўдакладняюць спісы студэнтаў, якія паехалі на навагоднія святы ў Паднябесную. Тыя, хто будзе вяртацца ў Беларусь пасля канікулаў, прыедуць толькі пасля прафілактычных захадаў з боку лекараў у Кітаі.

Пры гэтым нейкай забароны на тое, каб наведваць Кітай не існуе. Хоць Мінааховы здароўя рэкамендуе ўстрымацца ад паездак на Усход. Нейкія абмежаванні могуць быць уведзеныя толькі тады, калі будзе рэкамендацыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

«Цяпер створаны падвойны кантроль у аэрапорце. У межах захады бяспекі персанал самалёту абавязаны праводзіць кантроль за пасажырамі. Калі выяўленыя захворванні, то самалёт будуць абслугоўваць асобна. Ужо ў аэрапорце медыкі будуць праводзіць лабараторны кантроль», – распавялі ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.

Медыкі таксама рэкамендуюць у выпадку падазрэння на інфекцыю не ісці самастойна ў паліклініку, але варта адразу ж выклікаць хуткую дапамогу.

Сярод беларусаў некалькі чалавек звярталіся ў шпіталь пасля паездак у Кітай, В’етнам. Але ў выніку выяўленыя толькі грып тыпу А і Б.

Беларусы просяць забраць іх з Кітаю

У сваю чаргу прадстаўнік беларускага МЗС Ігар Белы паведаміў, што два беларусы папрасілі дыпламатаў дапамагчы ім з’ехаць з кітайскай правінцыі Ху-Бэй. Агулам у рэгіёне знаходзіцца дзевяць грамадзянаў Беларусі, з пяццю з іх усталяваны тэлефонны кантакт.

Назваць дакладную колькасць беларускіх грамадзянаў у Кітаі Белы не здолеў, бо яны прыязджаюць у КНР з рознымі мэтамі, як індывідуальна, так і ў арганізаваных турах.

Разам з тым паступіла пяць афіцыйных заяваў ад фізічных асобаў аб ануляцыі тураў у Кітай, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Кравец. З кожным з іх персанальна працуе юрыст.

Кравец таксама паабяцаў, што хутка на сайце ведамства будуць апублікаваныя рэкамендацыі адносна паездак у Кітай.

Паводле яго, абмежаваць продаж тураў у Кітай можна толькі паводле рэкамендацыі СААЗ або ААН, якіх пакуль няма.

  • Дзяржаўны камітэт па пытаннях аховы здароўя Кітаю паведамляе, што па стане на поўнач 28 студзеня ад новага каронавірусу ў краіне памерлі 106 чалавек. Колькасць інфікаваных вырасла да 4515.
  • Новы каронавірус распаўсюджваецца і ў іншых краінах свету. Восем выпадкаў захворвання выявілі ў Тайландзе. Пяць інфікаваных у Аўстраліі, ЗША і Сінгапуры, чатыры ў Японіі Паўднёвай Карэі і Малайзіі. Тры выпадкі захворвання ў Францыі. У Непале, Канадзе, Нямеччыне і Камбоджы – па адным.

СК, МГ belsat.eu

Стужка навінаў