У Беларусі канфіскаваная найбуйнейшая ў гісторыі партыя гераіну – амаль 550 кг


Амаль 550 кг гераіну канфіскавана падчас затрымання групоўкі ў Менску, паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі Вольга Чамаданава.

«У канцы лістапада ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у Менску супрацоўнікі МУС пры сілавой падтрымцы спецпадраздзялення »Алмаз« затрымалі траіх мужчын і адну жанчыну – грамадзянаў адной з Міжземнаморскіх краін. У сцяне арандаванага замежнікамі складскога памяшкання ў Заводскім раёне сталіцы быў абсталяваны тайнік», – распавяла яна.

У тайніку аператыўнікі выявілі і канфіскавалі гераін вагой амаль 550 кг.

«Гэта самая буйная партыя моцнадзейнага наркотыку, канфіскаваная за ўсю гісторыю нашай краіны», – падкрэсліла прадстаўнік МУС.

Тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася арганізаванай групай як перавалачны пункт для паставак гераіну з Афганістана ў краіны Еўразвязу, паведамілі ў МУС. Працягваецца расследаванне справы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў