У Беларусі хочуць больш жорстка караць п’яных правапарушальнікаў


Фота: Shutterstock

Да 1 ліпеня 2018 года Генпракуратура, Савет Міністраў, Вярхоўны суд і АП Рэспублікі Беларусь павінны ўнесці прапановы аб увядзенні больш жорсткіх мераў у дачыненні п’яных правапарушальнікаў.

Дакумент з адпаведным загадам быў апублікаваны на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Можна чакаць, што будуць унесеныя прапановы аб больш жорсткім пакаранні п’яных кіроўцаў. Яшчэ ў лютым гэтага году кіраўнік краіны ўжо казаў пра такую неабходнасць, таму можна разглядаць пастанову як загад да дзеянняў.

На дадзены момант, калі чалавека злавілі пʼяным за стырном пры ўмове, што гэта здарылася першы раз за год, то яму пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічыняў і 3 гады пазбаўлення права кіравання аўтамабілем. Калі ж правапарушэнне было здзейсненае паўторна цягам году, то ў дачыненні кіроўцы ўзбуджаецца крымінальная справа, а пакаранне па ёй больш жорсткае: канфіскацыя аўто, нават калі яно не належыць пʼянаму кіроўцы, пазбаўленне правоў на 5 гадоў з папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, арышт або абмежаванне волі і штраф да 1000 базавых. Некаторыя выпадкі прадугледжваюць і пазбаўленне волі да двух гадоў.

Цягам мінулага году ў «паўторнікаў» канфіскавалі 39 мапедаў, 48 матацыклаў, 861 легкавы аўтамабіль, 2 цяжкавіка, 17 трактароў, 28 сельскагаспадарчых транспартных сродкаў.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары