У Беларусі бум на вывучэнне польскай мовы


Польская мова як першая замежная. Такі варыянт навучання для аднаго з першых класаў падрыхтавалі ў менскай школе № 69. Агулам жа ў Беларусі абавязковым прадметам яна ўсяго для чатырохсот дзяцей, і гэта ўлічваючы, што ў краіне жывуць амаль 300 тысяч палякаў.

«Паводле Канстытуцыі Беларусі мусяць стварацца ўмовы для вывучэння польскай мовы ўсімі ахвотнымі. Гэта было б нармальна. Бо дзяржава мусіць гарантаваць правы польскай меншасці на вывучэнне роднай мовы», – звярнула ўвагу Анджэліка Борыс, старшыня галоўнай рады Саюзу палякаў на Беларусі.

Дзе вучаць? Як вучаць?

У краіне дзеяць толькі 2 школы з выкладаннем усіх прадметаў па-польску – у Горадні ды Ваўкавыску. Там займаюцца 700 дзяцей. Як факультатыўны прадмет польскую ў школах вывучаюць 13 тысячаў дзяцей, хаця 11 гадоў таму гэтая лічба была на траціну большая.

Адна з пляцовак у Менску, дзе можна вывучыць польскую мову, створаная ў Таварыстве беларускай мовы.

«Польская мова бліжэйшая да беларускай, чым расейская. Да нас прыходзіць шмат ахвотных яе вывучаць і ўсе яны здзіўляюцца, як лёгка навучыцца польскай. Дарэчы, усе наведвальнікі курсаў уступаюць у ТБМ», – падкрэсліў Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы.

Дзясяткі прыватных фірмаў прапаноўваюць курсы польскай мовы не толькі ў Менску, але па ўсёй Беларусі. Колькасць абвестак расце штомесяц.

Адкуль такая зацікаўленасць?

«З набыццём моцы ў 2008 годзе закону Польшчы аб «карце паляка» назіраецца рост зацікаўленасці да польскай мовы, на што адрэагавалі камерцыйныя фірмы, якія адкрываюць курсы», – мяркуе Анджэліка Борыс.

За апошнія 9 гадоў 75 тысяч беларусаў атрымалі «карту паляка». Прыкладна столькі ж чалавек адвучыліся на курсах.

«Мая дачка вучылася ў Польшчы, выйшла там замуж, там у мяне ўжо 2 унучкі. Мне трэба да іх ездзіць, дапамагаць ім», – падзялілася Алена, навучэнка курсаў польскай мовы.

Вучаць польскую мову не толькі тыя беларусы, якія маюць польскія карані.

«Калі я паеду ў Польшчу, то хацела б гаварыць там на мове гэтай краіны, каб выказаць такім чынам павагу да тамтэйшых людзей. Мне было б прыемна, калі б палякі таксама, прыязджаючы ў Беларусь, размаўлялі па-беларуску», – падсумавала Ілона Пашкевіч.

У 20–30-я гады мінулага стагоддзя большасць школаў Менску была беларускамоўная. Разам з тым працавалі і польскія. Цяпер адукацыя ў сталіцы амаль выключна расейскамоўная. А каб навучыцца польскай (зрэшты, часта, як і беларускай), трэба запісвацца на курсы.

Максім Кот, «Белсат»

Стужка навінаў