У Беларусі будуць вучыць рамяству бортніцтва


Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Магілёўскага дзяржаўнага універсітэту імя А.А.Куляшова з наступнага году стварае новы адмысловы курс па пчалярстве.

«Наш курс накіраваны на папулярызацыю і развіццё традыцыйнага для краіны рамяства і дае магчымасць атрымаць базавыя веды пра пчалярства ад прафесіяналаў-пчаляроў. Вучэбная праграма курсу разлічана на 48 гадзінаў і мае на ўвазе правядзенне як лекцыйных, так і практычных заняткаў», – распавёў кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксей Ярмоленка, піша Белта.

Курсы пачнуцца ў лютым наступнага году. Праводзіць заняткі будуць адмыслоўцы, дасведчаныя пчаляры.

«Атрымаць базавую адукацыю пчаляру ў краіне практычна няма дзе, але і для таго, каб займацца гэтым традыцыйным рамяством, ня трэба скончваць акадэмію ці ўніверсітэт. Таму мы вырашылі рэалізаваць пілотны праект і арганізаваць курсы, якіх даступныя для ўсіх ахвочых», – адзначыў адзін з ініцыятараў праекту старшыня рэспубліканскай асацыяцыі пчаляроў« Пчала і мёд» Андрэй Шушэначаў.

Замацоўваць тэорыю на практыцы слухачы будуць на вучэбнай пасецы аграбіястанцыі «Любуж».

СК, belsat.eu

Стужка навінаў