У Беларусі адкрыюць кнігу спачуванняў у сувязі са смерцю Паўла Адамовіча


На гэтым тыдні нашыя заходнія суседзі развітваюцца з мэрам Гданьску Паўлам Адамовіча. У сувязі з ягонай смерцю прэзідэнт Анджэй Дуда абвесціў нацыянальную жалобу, якая пачнецца ўвечары пятніцы і працягнецца да вечару суботы.

«Кніга спачуванняў адкрытая ад сёння да заўтра ў генеральным кансулаце ў Горадні, а ў панядзелак будзе даступная з 10-й да 15 у Менску на дзясятым паверсе будынку па вуліцы Змітрака Бядулі, 11», – паведаміў «Белсату» саветнік амбасады Польшчы ў Менску Аркадзіуш Клембек.

Павэл Адамовіч быў паранены 13 студзеня падчас фіналу канцэрту «Вялікага аркестру святочнай дапамогі» – найбуйнейшай дабрачыннай акцыі ў Польшчы. Нападнік забег на сцэну на адкрытым паветры і нанёс Адамовічу некалькі ўдараў нажоў.

Палітык памёр на наступны дзень у шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць.

Павэл Адамовіч быў адным з самых папулярных гарадскіх мэраў, ён нязменна кіраваў Гданьскам з 1998-га года. На выбарах летась палітык набраў 65 % галасоў.

Адамовіч меў беларускія карані і неаднаразова наведваў нашую краіну. Штогод горад прымае на адпачынак польскіх дзяцей з Беларусі. Павэл Адамовіч спрыяў таксама зачыненаму ўладамі Беларусі Коласаўскаму гуманітарнаму ліцэю.

Пахаванне Паўла Адамовіча адбудзецца ў суботу ў Гданьску.

ДД

Стужка навінаў