У Беларусь зноў прыедзе лонданскі «Арсенал» – каб згуляць з БАТЭ


У панядзелак, 17 снежня, клуб БАТЭ даведаўся, з кім пасупернічае ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Беларускія аматары футболу ў сярэдзіне лютага змогуць зноў убачыць легендарны ангельскі «Арсенал».

У мінулым годзе «кананіры» ужо гасцявалі ў Беларусі. Тады БАТЭ і «Арсенал» патрапілі ў адну групу Лігі Еўропы, і лонданцы проста раздушылі лепшы беларускі клуб, выйграў 4:2 у Барысаве і 6:0 у Лондане. Пры гэтым на сваім полі ангельская каманда гуляла другім складам.

У тым сезоне «Арсенал» у кампаніі БАТЭ, сербскай «Црвены Звезды», нямецкага «Кёльна» набраў 13 ачкоў і заняў першае месца ў групе, БАТЭ з пяццю набранымі баламі замкнуў квартэт. У тым розыгрышы «Арсенал» дабраўся да паўфіналу, дзе саступіў толькі будучаму пераможцу турніру – гішпанскаму «Атлетыка» (1: 1, 0:1).

У гэтым розыгрышы Лігі Еўропы «Арсенал» набраў 16 ачкоў, заняў першае месца ў групе разам з партугальскім «Спортынгам», украінскай «Ворсклай» і «Карабахам» з Азербайджану. БАТЭ быў другім у кампаніі іншага лонданскага клубу – «Чэлсі», вугорскага «Віді» і грэцкага ПАОКа.

– Думаю, шанец прайсці «Арсенал» у БАТЭ мінімальны, – пракаментаваў Belsat.eu вынікі лёсавання журналіст парталу Football.by Пётр Заяц. – Калі казаць у лічбах, я б абраў прапорцыю 90 % супраць 10 %. Пачнем з таго, што, гуляючы ў мінулым годзе не аптымальным складам, «Арсенал» лёгка разабраўся з нашым клубам. Цяпер жа гэта плэй-оф. І стаўленне лонданцаў да гэтых матчаў будуць куды больш сур’ёзным. Да таго ж, у сярэдзіне лютага ў БАТЭ будзе міжсезонне, а ў ангельцаў чэмпіянат будзе ў самым разгары.

Заўважым, што матчы БАТЭ і «Арсенала» пройдуць 14 лютага 2019 года ў Барысаве і 21 лютага ў Лондане. Гэта будзе трэцяя спроба БАТЭ пераадолець 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Дагэтуль спробы былі няўдалыя. У 2011 годзе барысаўчане двойчы прапусцілі на сваім полі французскі ПСЖ (2:2, 0:0), а праз два гады былі слабей за «Фенербахчэ» з Турцыі (0:0, 0:1). Дарэчы, лепшыя гады ў сваёй карʼеры ў складзе «Арсенала» правёў наш Аляксандр Глеб. За «кананіраў» гуляў тры сезоны, у якіх забіў 7 мячоў. Сёння Глеб – гулец БАТЭ. Вось толькі ці працягне Аляксандр футбольную карʼеру ў наступным сезоне, пакуль не ясна.

Відэа: затрымалі хлопца, які выбег з БЧБ-сцягам падчас матчу БАТЭ-Арсенал

АС/belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары