У Беларусь зноў прыбылі пскоўскія дэсантнікі. Яны бралі ўдзел у анексіі Крыму


На палігоне Берасцейскі сёння адбылася цырымонія адкрыцця сумеснага батальённага тактычнага вучэння беларускіх і расейскіх дэсантнікаў.

Як паведамляе БелТА, у чарговым вучэнні задзейнічаны каля 450 вайскоўцаў і да 70 адзінак тэхнікі. Ад беларускага боку ўдзельнічаюць падраздзяленні 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. Адначасова Мінабароны Расеі падае іншую лічбу – 600 вайскоўцаў і каля 100 адзінак тэхнікі.

Расею прадстаўляе зводная рота 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі паветрана-дэсантных войскаў, узмоцненая інжынерна-сапёрным аддзяленнем. Усе ўдзельнікі вучэнняў – кадравыя вайскоўцы, якія служаць па кантракце.

Узбраенне і тэхніку прадставіў беларускі бок. Легенда вучэнняў заключаецца ў выяўленні, блакаванні і знішчэнні незаконнага ўзброенага фармавання, якое захапіла і ўтрымлівае важны стратэгічны аб’ект. Вайскоўцы адпрацуюць ліквідацыю ўмоўнага фармавання ў тры этапы.

«У час вучэння праверым зладжанасць падраздзяленняў. Мы павінны ўмець дзейнічаць разам, разумець правільна каманды. Акрамя таго, нам цікавы досвед расейскіх калегаў – сурʼёзны, баявы», – сказаў камандзір 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады гвардыі палкоўнік Дзмітрый Собаль.

Актыўная фаза вучэнняў пройдзе з 10 па 12 красавіка на палігоне Берасцейскі.

Пры гэтым расейскі кантынгент прыбыў у Берасце яшчэ 2 красавіка. Пра мерапрыемствы, якія праводзіліся з ім цягам тыдня, публічнай інфармацыі не было.

***

Пскоўскія дэсантнікі рэгулярна прыязджаюць у Беларусь на вучэнні або для ўдзелу ў парадах.

Расейская 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія – так званыя пскоўскія дэсантнікі – адно з найстарэйшых дэсантных падраздзяленняў у Расеі. Дывізія брала ўдзел у абедзвюх чачэнскіх войнах, у вайне з Грузіяй у жніўні 2008-га, у анексіі Крыму, а таксама ў канфлікце на Данбасе. У жніўні 2014 году Уладзімір Пуцін узнагародзіў дывізію ордэнам Суворава «за паспяховае выкананне баявых заданняў».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў