У Беларусь прыедзе місія Міжнароднага валютнага фонду


Дэлегацыя на чале з Жакам Міньянам будзе працаваць у Беларусі з 9 па 13 ліпеня.

Прадстаўніцтва фонду паведаміла агенцтву БЕЛТА, што гэта будзе планавая місія.

«Яе мэта – агляд бягучай эканамічнай сітуацыі ў краіне», – адзначылі ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі.

Анансуючы прыезд адмыслоўцаў фонду ў Беларусь, намеснік старшыні праўлення Нацбанку Дзмітрый Калечыц заяўляў, што пытанне новай крэдытнай лініі МВФ для Беларусь пакуль «у паўзе», а бакі працягваюць назіраць за сітуацыяй.

«У цэлым хочацца сказаць (мы гэта нашым калегам з фонду таксама прагаворвае, і яны ў прынцыпе пагаджаюцца), што ўсе тыя напрамкі, якія ў нас выпрацаваны з экспертамі фонду ў частцы рэкамендацый па эканамічнай палітыцы, мы рэальна рэалізуем. З пункту гледжання манетарнай, падаткова-бюджэтнай палітыкі, з пункту гледжання напрамкі руху ў галіне структурных пераўтварэнняў – усе гэтыя напрамкі ў нас дэ-факта рэалізуюцца, але пакуль без фінансавання», – заяўляў Калечыц у красавіку.

Апошні раз місія МВФ наведала Беларусь мінулай восенню. Тады прадстаўнікі фонду раілі беларускаму ўраду больш хуткія і глыбокія рэформы – у прыватнасці, у бюджэтна-падатковай палітыцы і ў сектары дзяржпрадпрыемстваў.

«Сістэмныя праблемы спараджаюць перакосы ў размеркаванні эканамічных рэсурсаў, негатыўна адбіваюцца на канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці», – заяўляў у лістападзе 2017 года кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман.

Міжнародны валютны фонд – фінансавая ўстанова пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Адная з галоўных функцыяў фонду – выдача дзяржавам крэдытаў для кампенсацыі дэфіцыту плацежнага балансу. Выдача крэдытаў, як правіла, залежыць ад захадаў па аздараўленні эканомікі, рэкамендаваных МВФ.

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ на суму $ 3 млрд пад 2,3 % тэрмінам на 10 гадоў. Для выдзялення крэдыту МВФ заклікае Беларусь не гнацца за запаветнымі $ 500 сярэдняга заробку, рэарганізаваць дзяржсектар і прыпыніць падтрыманне стратных прадпрыемстваў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары