У Барысаве збіраюцца правесці пікет з патрабаваннем адстаўкі Андрэя Раўкова


Учора, 12 кастрычніка, у Барысаўскім райвыканкаме зарэгістраваная заяўка на правядзенне пікету на цэнтральнай плошчы Барысава.

Заяўнік, праваабаронца і юрыст Алег Мацкевіч мэтай мерапрыемства называе патрабаванне адстаўкі міністра абароны Беларусі генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова і прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у смерці жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча.

Заяўнік лічыць, што пікет мусіць адбыцца насупраць будынку «Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання» (пр. Рэвалюцыі, 44) і будзе доўжыцца з 12.00 да 16.00, у панядзелак 30 кастрычніка. Мяркуецца, што ў акцыі прыме ўдзел да дзесяці чалавек, паведамляе ex-Press.

На дадзены момант пад 8800 подпісаў сабрала анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова. Грамадская кампанія разгарнулася ў сувязі з жудасным выпадкам у адной з вайсковых частак у Пячах, дзе ў падвале знайшлі павешаным 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча. Сям’я і сябры ўпэўнены, што ён стаў ахвярай дзедаўшчыны.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў