У Барысаве пратэставалі кіроўцы «Яндекс. Такси»

Пратэст кіроўцаў «Яндекс.Такси» у Барысаве. Фота: Белсат

Кіроўцы «Яндекс. Такси» пратэставалі ў Барысаве супраць паніжэння аплаты. Таксоўцы сабраліся каля «Барысаў-арэны» і ігнаравалі замовы. Кіроўцы распавялі «Белсату», што такім чынам імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу.

Кіроўцы ў Барысаве правялі акцыю, праз якую імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу і выказаць свой пратэст супраць паніжэння аплаты, якую нядаўна ўвяла кампанія «Яндекс.Такси».

«Уласнікі аўтапаркаў хочуць справядлівай аплаты працы. А сёння ў нас так склалася, што заробку не хапае нават на аплату лізінгу за аўта. З улікам таго, што ў Беларусі ўсталявалі новыя правілы па таксоўках, нас абавязалі ў машынах усталяваць таксометры і зладзіць абклейку аўтаў. Адпаведна вырастаюць выдаткі. У выніку нашая праца сыходзіць у мінус. Мы цярпелі гэта амаль 6 месяцаў. Змяншаюць бонусы. Камісію ў «Яндекс.Такси» павялічылі з пяць да васьмі адсоткаў. Кіроўцу, каб зарабіць 165 рублёў, неабходна адпрацаваць як мінімум 16 гадзінаў. А замоваў становіцца ўсё меней», – кажа Андрэй, уласнік «ПКМ Аўта».

Пратэст кіроўцаў «Яндекс.Такси» у Барысаве. Фота: Белсат

Кіроўцы незадаволеныя сітуацыяй, але праз свае акцыі спадзяюцца, што іх меркаванне пачуюць у галоўным офісе.

«Мы будзем працягваць пратэставаць, каб нас пачулі, бо ў адваротным выпадку пакінем «Яндекс.Такси». Будзем сыходзіць у іншыя службы, дзе ёсць прыстойны заробак, дзе паважаюць людзей», – дадае Андрэй.

Каля «Барысаў-арэны» сабраліся некалькі дзясяткаў кіроўцаў, якія кажуць, што не маюць намеру далей мірыцца з існай сітуацыяй.

 

Пратэст кіроўцаў «Яндекс.Такси» у Барысаве. Фота: Белсат

«Прыходзіцца перапрацоўваць. Для таго, каб нешта зарабіць і прынесці ў сям’ю, патрэбна быць на працы каля 12-16 гадзінаў. Кіроўцы змучваюцца, расце псіхалагічная стомленасць праз стрэсы. Вінаваты ў гэтым агрэгатар «Яндекс.Такси», які намагаецца захапіць рынак. Але ахвярамі становяцца кіроўцы, бо мы для іх інструмент, каб яны атрымалі прыбыткі. Кампанія павінна забяспечыць нам заробак, абараняць нас, але сітуацыя адваротная», – распавёў «Белсату» Сяргей, кіроўца таксі.

Кіроўцы таксі супраць «Алмазу 7788»

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны