У Барысаве 16-гадовы юнак падрабляў грошы на прынтары ды збываў іх у маршрутках


Фальшываманетчыкам аказаўся вучань аднаго з барысаўскіх каледжаў. Хлопец наладзіў удома вытворчасць падробленых грошай. На прынтары ён раздрукоўваў беларускія 50-рублёўкі, а таксама купюры 50 і 100 долараў.

Пра збыт фальшывых купюраў міліцыя даведалася 13 снежня. Усяго праваахоўнікам вядома пра чатыры факты збыту непраўдзівых грошай. У асноўным маладзён плаціў падробленымі рублямі ў маршрутках і грамадскім транспарце.

У юнака канфіскавалі камп’ютар, сканер і прынтар. Таксама ў яго знайшлі лісты з выявамі купюры вартасцю 20 беларускіх рублёў. Якасць падробак была кепскай.

Хлопца затрымалі. Супраць яго распачалі крымінальную справу за выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай, што караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў