У Барсэлоне – масавыя пратэсты. Адбыліся сутычкі з паліцыяй


Пратэсты ў Барсэлоне. Фота - REUTERS/Susana Vera

Не менш за 11 чалавек затрыманыя ў выніку сутычак дэманстрантаў з паліцыяй у Барсэлоне. Прыхільнікі незалежнасці Каталунні 21 снежня пратэстуюць супраць візіту ў горад прэм’ер-міністра Іспаніі.

Акцыі пратэсту прыхільнікаў незалежнасці Каталунні адбываюцца ў Барсэлоне ўвесь дзень. Пратэстоўцы перакрылі шэраг дарог, на некаторых вуліцах спрабуюць узвесці барыкады.

На вуліцы гораду ўлады вывелі каля 9 тыс. сілавікоў. Паліцыя сцвярджае, што вымушаная была ўжыць сілу супраць пратэстоўцаў, бо актывісты так званага Камітэту ў абарону рэспублікі зладзілі правакацыі.

«El Pais»піша, што арыштаваны 11 пратэстоўцаў. «La Vanguardia» паведамляе, што за бягучыя содні 12 чалавек былі затрыманыя, 51 асоба атрымала легкія раненні.

Пратэсты былі справакаваныя візітам у Барсэлону прэмʼер-міністра Іспаніі Педра Санчэса, які сёння сустрэўся ў з кіраўніком уладаў Каталунні Кімам Торай.

Нагадаем, 1 кастрычніка 2017 года ў Каталунні прайшоў рэферэндум аб незалежнасці, на якім аддзяленне падтрымала большасць удзельнікаў галасавання. Улады Іспаніі палічылі рэферэндум незаконным: Мадрыд распусціў урад і парламент Каталунні, і абвясціў датэрміновыя рэгіянальныя выбары, якія адбыліся ў снежні 2017 года.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары