У Баранавічах прайшоў фэст «Пад вышываным сцягам»


У Баранавічах у Маладым парку прайшоў фэст вышыванкі. Толькі арганізатарам тут была не дзяржава, а прадстаўнікі руху «За свабоду».

Народныя беларускія танцы, спевы, вясёлыя людзі ў вышыванках – дождж хоць і паўплываў на колькасць удзельнікаў, але не асабліва перашкаджаў праводзіць свята. Зладзілі фэст мясцовыя актывісты руху «За Свабоду». Пры тым, што рэкламы не было, прыйшло больш за 50 чалавек. Арганізатары кажуць, што запрашалі людзей праз сацыяльныя сеткі, ці асабіста. Госці прыехалі з Менску, Ліды, Слоніму, ды іншых гарадкоў і вёсак.

На свяце прысутнічалі народныя музыкі

«Мы хацелі, каб тут было больш людзей нашых, мясцовых. Таму рабілі масавыя рассылкі жыхарам Баранавічаў. Гэтае свята мы адзначаем 2 ліпеня ўжо трэці год запар. Асноўная нашая мэта, павышаць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці. З самага пачатку мы дамовіліся не ўносіць палітычны пратэст, мы ладзім – свята. Каб палітычна не заангажаваныя людзі адчувалі сябе беларусамі» – распавёў адзін з арганізатараў Юры Казакевіч.

Беларускія народныя танцы на свяце

Як загучала музыка, ды пачаліся танцы, пачала падцягвацца моладзь, якая проста адпачывала ў парку, і нічога не ведала пра падзею. Людзі з задавальненнем навязвалі сабе стужачкі-вышыванкі, якія раздаваліся ўсім ахвотным.

Удзельнікі раздаюць стужачкі-вышыванкі ўсім ахвотным

Нягледзячы на тое, што заявак на правядзенне мерапрыемства арганізатары не падавалі, міліцыянты, хоць і прысутнічалі, але ўдзельнікам не заміналі, толькі фіксавалі ўсё на відэакамеры.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў