У Баранавічах каранцін: шалёныя каты пакусалі чатырох чалавек


У Баранавічах афіцыйна зарэгістраваныя два выпадкі шаленства катоў. Рашэннем гарвыканкаму ў горадзе ўведзены комплекс ветэрынарных і санітарных супрацьэпідэміялагічнага мерапрыемстваў. Шалёныя каты – забітыя.

«Гэта каты: адзін хатні, іншы безнаглядны. Вынік ветэкспертізы выдадзены ад 7 ліпеня. Выпадкі зарэгістраваныя па розных адрасах», – распавяла загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцыяў Берасцейскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Селькіна.

У адным выпадку ахвярай хатняга гадаванца стала жыхарка Усходняга мікрараёна гораду. Другі выпадак адбыўся на тэрыторыі гаражнага кааператыва ў Паўночным мікрараёне, дзе кот пакусаў трох мужчын.

«Пацярпелыя накіраваныя ў лячэбныя ўстановы для вырашэння пытання аб прызначэнні ім антырабічнай дапамогі», – адзначыла спецыяліст.

З пачатку года на тэрыторыі Берасцейскай вобласці зарэгістравана 28 выпадкаў шаленства жывёлаў, у тым ліку ў трох катоў. Медыкі нагадваюць, што шаленства – смяротна небяспечная хвароба.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў