У Баранавічах адбылася сутычка паміж футбольнымі фанатамі і АМАПаўцамі


Сілавікі білі маладых людзей каля ўваходу на стадыён у Баранавічах – дэманструе відэа, якое выклалі ў сеціва.

Інцыдэнт адбыўся 3 траўня перад пачаткам матчу першай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе паміж Футбольным клубам «Баранавічы» і Футбольным клубам «Днепр», падае intex-press.by.

Па словах аднаго з заўзятараў «Дняпра», супрацоўнікі АМАПу пачалі біць фанатаў пасля таго, як госці, выкрыкваючы лозунг «Магілёў!», накіраваліся ў бок фанатаў «Баранавічаў».

Моманты збіцця бачныя на відэа з 10 секунды.

Паводле папярэдняй інфармацыі, размешчанай у сацсетках, затрымалі 6 чалавек, з іх двое – заўзятары «Дняпра». Паводле некаторых інтэрнаўтаў, затрымалі каля 40 баранавіцкіх фанатаў і 16 магілёўскіх.

Магілёўскія фанаты сцвярджаюць, што супрацоўнікі міліцыі пераблыталі заўзятараў і пачалі затрымліваць фанатаў ФК «Баранавічы». У ходзе бойкі міліцыя ўжыла дручкі. Пасля гэтага некаторых удзельнікаў бойкі адвезлі ў Баранавіцкае гарадское ўпраўленне ўнутраных справаў, вызвалілі іх прыкладна а 19 гадзіне.

Атрымаць каментары ад міліцыі пакуль не ўдалося.

МЯ, паводле intex-press.by

Стужка навінаў