У Бабруйску за збіццё міліцыянтаў судзяць бацьку і сына. Пацярпелы ДАІшнік папрасіў не пазбаўляць мужчын волі


Ігара і Алега Букасаў брутальна затрымалі 10 жніўня. У той вечар яны выпадкова сталі сведкамі канфлікту паміж ДАІ і кіроўцам на плошчы Леніна ў Бабруйску, дзе як раз праходзілі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Ігар заступіўся за кіроўцу, Алег – за бацьку. У выніку абодвум пагражае да шасці гадоў турмы паводле арт.364 КК РБ.

Ігар і Алег Букасы ў судзе Бабруйскага раёну і г. Бабруйску, 4 лістапада.
Фота: «Белсат»

Першымі запрасілі журналістаў

Справу разглядае суддзя суда Бабруйскага раёну і г. Бабруйску Андрэй Літвін. На баку абвінавачвання – пракурор Наталля Лосева. Ігара і Алега Букасаў абараняюць адвакаты Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў Аляксандр Рыжкоў і Валер Севасц’янчык.

На першае паседжанне 4 лістапада пусцілі не ўсіх жадаючых, а роўна столькі людзей, на колькі хапіла лавак. Як патлумачыў суддзя – у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Першымі ў залю запрасілі ўсіх прысутных журналістаў, як з дзяржаўных, так і з незалежных медыяў, а потым – слухачоў.

Пракурор зачытала абвінавачванне, паводле якога ўвечары 10 жніўня Ігар і Алег Букасы «з мэтай перашкоды законнай дзейнасці ДАІ наўмысна ўжылі ў дачыненні супрацоўнікаў фізічны гвалт».

Ігар распавёў, што ў той вечар вярнуўся з працоўнай змены, і з жонкай яны паехалі да сына, каб абмеркаваць тэрміновую сямейную справу: нявестку чакала аперацыя, і трэба было вырашыць, з кім у гэты час будзе трохмесячная ўнучка.

Алена Букас з дачкой перад паседжаннем.
Фота: «Белсат»

Разам з сынам перад сямейнай вячэрай сужонкі Букасы паехалі ў мясцовы гандлёвы цэнтр набыць торт. Крама знаходзіцца як раз на плошчы Леніна. Паехалі менавіта туды, бо, як патлумачыў на судзе Алег Букас, сям’я мае дысконтную картку гэтай гандлёвай сеткі.

«Разумеў, што будуць біць – у тыя дні білі ўсіх»

Букасы прыпаркаваліся, не даехаўшы да крамы, бо плошча Леніна была перакрытая, і пайшлі далей пешшу. На сваім шляху пабачылі машыну ДАІ, супрацоўнікаў, яшчэ нейкую машыну. Побач жанчына прасіла, каб некага адпусцілі і не каралі.

«Я вырашыў падысці, запытацца, што здарылася, – распавёў Ігар. – Аказалася, чалавека збіраюцца штрафаваць нібыта за адсутнасць тэхагляду. Я тады звярнуўся да інспектара – Уладзіміра Мяншова, з просьбай адпусціць кіроўцу, бо цяпер жа не караюць за тэхагляд. І потым сказаў ракавыя для мяне словы, што ў яго самога на лабавым шкле службовай машыны няма налепкі пра пройдзены тэхагляд».

Паводле Ігара, пасля гэтых словаў супрацоўнік ДАІ падняў руку, махнуў у бок міліцыянтаў ў поўнай экіпіроўцы (як высветлілася на судзе, гэта былі супрацоўнікі Бабруйскага аддзялення дэпартаменту аховы), і сказаў: «Пяцёра да мяне, затрымліваем актыўнага».

«Я яшчэ здзівіўся, гэта мяне – актыўнага? У чым мая актыўнасць? Я ўжо ўвогуле адыходзіў адтуль, – казаў Букас. – Мяншоў узяў мяне за руку, тая жанчына, што там была, пачала крычаць – за што вы яго затрымліваеце? Што ён зрабіў? Таксама мой сын пытаў, за што мяне затрымліваюць. Я чуў тупат, грукат ззаду – беглі міліцыянты. Я разумеў, што мяне, хутчэй за ўсё, будуць біць, бо ў тыя дні білі ўсіх».

«Міліцыянт сеў на мяне і пачаў давіць дубінкай на кадык»

Спужаўшыся магчымага збіцця, Букас паспрабаваў вызваліцца і ўдарыў у вобласць патыліцы Мяньшова, які яго трымаў. Сам Мяншоў на судзе сцвярджаў, што не браў Букаса за руку.

Перад паседжаннем суду Бабруйскага раёну і г. Бабруйску, 4 лістапада.
Фота: «Белсат»

«Я здолеў вырвацца, але ў той момант пабачыў, як сыну заламваюць рукі, – распавядаў далей Ігар Букас. – Яшчэ секунда, і сын бы ўпаў тварам у асфальт. Я тады схапіў ззаду міліцыянта, які яго трымаў. У мяне не было мэты перашкаджаць затрыманню, я проста баяўся, што сын упадзе і разаб’е галаву. І ў гэты момант я атрымаў удар па нырцы, потым пад патыліцу. Я згубіў прытомнасць, упаў. Калі прыйшоў у сябе, на мяне сеў міліцыянт, і пачаў давіць дубінкай на кадык».

Потым, паводле Ігара, падышоў яшчэ адзін супрацоўнік і зламаў яму нос.

«У мяне доўга ішла кроў. Той міліцыянт яшчэ спрабаваў сказаць, што гэта я сам упаў, разбіў вусны, і таму была кроў, але экспертыза паказала, што вусны і твар у мяне былі цэлыя, а нос зламаны», – казаў Букас.

Паводле мужчыны, міліцыянты сцвярджалі, што яны з сынам былі п’яныя. Але ў той жа вечар пасля затрымання была экспертыза на алкаголь і наркотыкі, паводле якой «усе паказчыкі выйшлі па нулях».

«І цяпер бы кінуўся заступацца за сына»

Пасля затрымання Ігар адчуваў сябе настолькі дрэнна, што яго адвезлі ў лякарню. Там дыягназавалі ушыб ныркі, падазрэнне на страсенне мозгу.

Hавiны
«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў
2020.11.03 07:02

«Хацелі шпіталізаваць, але я адмовіўся, сказаў: у мяне сын у СІЗА, я не застануся ў лякарні, і да супрацоўнікаў міліцыі не буду мець прэтэнзій, – распавядаў Ігар. – Наступствы ўшыбу ныркі ў мяне былі яшчэ цягам двух месяцаў – ціск падымаўся за 200».

Ігар Букас сказаў у судзе, што раскайваецца ў тым, што ўмяшаўся ў сітуацыю з ДАІшнікам, што ўдарыў яго, і лепш за ўсё было б прайсці міма. Наконт другога эпізоду, калі ён схапіў міліцыянта, што затрымліваў Алега, Ігар сказаў: «Я б і цяпер кінуўся заступацца за сына».

«Вас ніхто не збіраўся затрымліваць, вам асабіста ніхто не пагражаў – навошта вы білі?», – пыталася пракурор.

Ігар і Алег Букасы ў судзе Бабруйскага раёну і г. Бабруйску, 4 лістапада.
Фота: «Белсат»

«Калі кажуць «гэтага забіраем», і пасля гэтага нясуцца гэтыя ў шаломах з палкамі наперавес, разумееш, што яўна яны не абдымацца да цябе бягуць, – адказваў Букас. – Тым больш, мы бачылі, што ў тыя дні рабілася ў Менску, мы разумелі, што адбываецца, і было страшна».

Удзел у масавых мерапрыемствах, пратэстах, палітычныя матывы знаходжання на плошчы ў той вечар Букасы адмаўляюць.

«Прасіў прабачэння. Хоць не ведаў, за што, усё роўна прасіў»

Алег кінуўся заступацца за бацьку, калі пабачыў, што яго затрымліваюць.

«Я ўбачыў, што бацька ляжыць на зямлі, у яго ідзе кроў. Я рабіў гэта ўсё [ударыў міліцыянта], каб не даць забраць бацьку. Мне было страшна, што і мяне будуць біць, – распавядаў на судзе Алег Букас. – Падчас вочнай стаўкі я прасіў у супрацоўніка ДАІ Мяншова прабачэння. Хоць я не ведаў, за што, але ўсё роўна прасіў і за сябе, і за бацьку. Мяншоў прыняў выбачэнні, сказаў, што ён незлапамятны».

Інспектар ДАІ Уладзімір Мяншоў распавёў суду, што ўвечары 10 жніўня «нёс службу каля выканкаму, там на ходніках стаялі людзі, якія выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю». Паводле Мяншова, кіроўцы там «рабілі каруселі» – ездзілі вакол будынку выканкаму і падавалі гукавыя сігналы. Аднаго з іх спынілі, і там адразу, паводле ДАІшніка, сабраліся «агрэсіўна настроеныя людзі». Іншы супрацоўнік, Алег Палескі, які выступаў як сведка, распавёў, што людзі называлі міліцыянтаў «фашыстамі, бандытамі», крычалі, каб яны адпусцілі затрыманага.

Паводле Мяншова, першапачаткова ў яго не было мэты затрымліваць Букасаў, і супрацоўнікаў дэпартамента аховы ён паклікаў, бо вакол яго «пачаў збірацца агрэсіўна настроены натоўп», і ДАІшнік спужаўся за тое, што можа быць далей.

Hавiны
«Я не выключаў, што мяне могуць трымаць і надалей». Актывіст Валадар Цурпанаў выйшаў пасля 43 содняў арышту
2020.11.03 15:55

Напрыканцы сваіх паказанняў Уладзімір Мяншоў сказаў, што ён не трымае крыўды і зла.

«Я разумею, што час назад не павернеш, але я веру, што гэтыя людзі зразумелі свае памылкі, зрабілі высновы, і ў далейшым не пяройдуць мяжу закона. Я разумею, што яны маглі апынуцца ў не ў тым месцы і не ў той час, – казаў супрацоўнік ДАІ. – Мужчыны прасілі прабачэння, я прыняў. Паколькі яны ўжо адбылі пэўны тэрмін за кратамі, я звяртаюся да суда з просьбай не караць іх строга, не пазбаўляць волі».

З-за кратаў глядзеў на фотаздымкі дачкі

Сям’я Букасаў на судзе пабачылася ўпершыню з 10 жніўня – пакуль мужчыны былі ў СІЗА, спатканняў з роднымі ім не давалі.

Даведка
Алена распавяла, што яе мужу, Ігару Букасу, 54 гады, ён скончыў Варонежскае ваеннае вучылішча і Акадэмію МУС у Менску, працаваў участковым, потым старэйшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку ў Бабруйску. У 2001 годзе сышоў з органаў па ўласным жаданні. Служыў у Таджыкістане. Цяпер працуе кіроўцам на бабруйскай птушкафабрыцы «Вішнёўка». Сыну Алегу 24 гады, разам з маці працаваў кур’ерам, напярэдадні затрымання ўладкаваўся кіроўцам у расейскую фірму, пачаць працу так і не паспеў.

Алег Букас і ягоная жонка Ганна ўсё паседжанне глядзелі адзін на аднаго. Ганна паказвала Алегу сардэчкі з пальцаў, а таксама павялічаныя на тэлефоне фотаздымкі маленькай дачкі.

Алена Букас, жонка Ігара, пасля суда зазначыла, што і муж, і сын заўважна схуднелі за гэтыя месяцы. Але не губляюць сілы духа. Стараюцца трымацца і жанчыны, хоць, кажа Алена, ім цяжка, бо яны адначасова засталіся без абодвух кармільцаў сям’і, акрамя, у Ганны на руках – немаўля.

Жанчыны перакананыя, што караць Ігара і Алега няма за што, і спадзяюцца на справядлівае рашэнне суда. У судзе над Букасамі абвешчаны перапынак да 11 лістапада.

НА, Belsat.eu

Стужка навінаў