У Аўстрыі затрымалі расейскага шпіёна. Крэмль губляе саюзніка ў ЕЗ


Ілюстратыўнае фота

Аўстрыйскага вайскоўца затрымалі паводле абвінавачвання ў шпіянажы на карысць Расеі. Імаверна, адстаўны палкоўнік цягам 20 гадоў перадаваў расейскай выведцы сакрэтную інфармацыю, за што, паводле Мінабароны Аўстрыі, атрымаў каля 300 тыс. еўраў.

Жыхар Зальцбургу, імя якога не агучваецца, займаў «незаўважную пасаду» ў штабе аўстрыйскай арміі, «дзейнічаў вельмі прафесійна», паведамляе газета Kronen Zeitung. Паводле Die Presse, мужчыну завербавалі яшчэ ў 1988 годзе. Ён мусіў збіраць і перадаваць інфармацыю пра аўстрыйскія ўзброеныя сілы, артылерыйскія сістэмы, сітуацыю з мігрантамі, а таксама перадаваў дасье на высокапастаўленых аўстрыйскіх вайскоўцаў. Кожныя два тыдні ён выходзіў на сувязь з расейскім куратарам Юрыем, ад якога шпіён атрымліваў заданне. Цяпер 70-гадовага афіцэра затрымалі, яму пагражае да 2 гадоў зняволення.

Выкрыць шпіёна дапамагла інфармацыя, атрыманая ад адной з еўрапейскіх спецслужбаў, паведаміў міністр абароны Аўстрыі Мар’ё Кунасэк. Ён дадаў, што пакуль невядома, ці быў гэта адзінкавы выпадак.

«Гэты выпадак даказвае, што нават пасля халоднай вайны нейтральныя дзяржавы (Аўстрыя абвесціла палітыку нейтралітэту і недалучэння да любых вайсковых блокаў яшчэ ў 1955 годзе – Заўв. Belsat.eu) з’яўляюцца абʼектам шпіянажу. Гэта, у сваю чаргу, даказвае, наколькі важная шчыльная, эфектыўнай сетка бяспекі, – заявіў Кунасэк. – Для нас гэта падзея – магчымасць яшчэ больш павялічыць бяспеку».

Аўстрыя заставалася адной з нешматлікіх сяброўскіх Расеі еўрапейскіх краінаў. Сярод іншага Вена не падтрымала антырасейскія санкцыі з-за атручвання былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.

У жніўні Уладзімір Пуцін нават наведаў вяселле міністра замежных справаў Карын Кнайсль. Цяпер стасункі могуць ускладніцца. Кіраўніца МЗС Аўстрыі, на вяселлі якой танчыў расейскі лідар, ужо адмяніла свой снежаньскі візіт у Маскву.

Пуцін на вяселлі аўстрыйскай міністаркі

Канцлер Аўстрыі Зэбаст’ян Курц заявіў, што чакае тлумачэнняў ад Крамля.

Кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова інфармацыя аб чарговым шпіёнскім скандале непрыемна здзівіла. Прынамсі, па ягоных уласных словах.

«Вы ведаеце, я толькі што пра гэта даведаўся, перад пачаткам нашай сустрэчы, і шчыра кажучы, мяне гэтая інфармацыя непрыемна здзівіла. Адвеку было прынята, што калі ў нейкай краіны ўзнікаюць заклапочанасці, падазрэнні адносна дзеянняў іншай краіны, падазрэнні ў датычнасці кагосьці да нейкіх працэсаў, якія разглядаюцца ў якасці пагрозаў для адпаведнай дзяржавы, то ў адпаведнасці з нормамі міжнародных зносінаў варта наўпрост запытваць тлумачэнняў», – заявіў Лаўроў.

ЛБ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары