У Аўстрыі расейскіх спартоўцаў вінавацяць ва ўжыванні допінгу: ім пагражае турма


Прадстаўнікі аўстрыйскай паліцыі ў ноч на 13 снежня пабывалі ў месцы размяшчэння зборнай Расеі па біятлоне ў Гохфільцэне, дзе мае пачацца другі этап Кубка свету па біятлоне. Расейцаў падазраюць у парушэнні антыдопінгавых правілаў у 2017 г.

Як распавёў у «Instagram» каментатар тэлеканалу «Матч ТВ» Дзмітрый Губерніеў, прэтэнзіі выставілі да дзесяці чалавек: біятланістаў Яўгена Гаранічава, Аляксандра Логінава, Антона Шыпуліна, Аляксея Волкава ды Ірыны Старых, а таксама трэнера Аляксандра Каспяровіча, лекараў Арцёма Крынцылава і Яўгена Шутава ды масажыстаў Аляксандра Сяляўкіна і Дзмітрыя Тапычканава.

Паводле Губерніева, усе яны «абавязаныя даць свае тлумачэнні паліцыі». Пры гэтым у Гохфільцэн пакуль прыбылі толькі Гаранічаў, Логінаў, Старых, Шутаў і Тапычканаў.

Выкарыстанне допінгу ў Аўстрыі – крымінальнае злачынства, за якое прадугледжваецца да трох гадоў зняволення.

Старэйшы трэнер рэзерву Аляксандр Каспяровіч, які таксама трапіў у спіс аўстрыйскай паліцыі, лічыць дзеянні праваахоўнікаў правакацыяй. З аналагічнымі заявамі ў сацсетках выступілі і самі біятланісты, у тым ліку Аляксандр Логінаў, які ўжо быў дыскваліфікаваны за ўжыванне эрытрапаэтыну ў 2014–2016 гг. Паводле яго, спартоўцаў абвінавачваюць «у нейкіх махінацыях з пераліваннем крыві і яшчэ з чымсьці».

Яўген Гаранічаў

Таксама раней за ўжыванне забароненых рэчываў дыскваліфікавалі і Ірыну Старых. Тым не менш, біятланіст Антон Шыпулін назваў сітуацыю «паляваннем на ведзьмаў» і «поўным трызненнем».

Між тым Саюз біятланістаў Расеі ўжо звязаўся з расейскай амбасадай у Аўстрыі і падключыў да справы адвакатаў.

Як распавёў міністр спорту Расеі Павел Калабкоў, біятланістам і спецыялістам расейскай зборнай выставілі абвінавачванні ў парушэнні антыдопінгавых правілаў на чэмпіянаце свету 2017 г. у Аўстрыі. Пры гэтым у мінулыя гады арганізатары таго спаборніцтва і антыдопінгавыя службы не мелі прэтэнзіяў да расейцаў, якія неаднаразова праходзілі працэдуры допінг-кантролю.

Прадстаўніца пракуратуры Аўстрыі для расследавання эканамічных і карупцыйных злачынстваў Элізабэт Тойбль пацвердзіла РІА «Новости», што ейнае ведамства расследуе дзеянні дзесяці чальцоў расейскай біятлоннай каманды, у тым ліку пяці спартоўцаў.

Паводле яе, справа мае дачыненне да «ўжывання забароненых рэчываў і метадаў з мэтай допінгу», а таксама да «сурʼёзнага падману, звязанага з допінгам» падчас чэмпіянату свету ў 2017 г.

Элізабэт Тойбль падкрэсліла, што падазраваным выдалі паведамленне аб правядзенні расследавання, але ператрусы і допыты не праводзіліся.

Расейскіх спартоўцаў неаднаразова абвінавачвалі ва ўжыванні допінгу. У ліпені 2016 г. Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выпусціла справаздачу спецыяльнай камісіі пад кіраўніцтвам Рычарда МакЛэрэна, дзе сцвярджалася, што ў Расеі з 2011 да 2015 г. утварылася цэлая сістэма для ўтойвання станоўчых допінг-пробаў спартоўцаў. У дакуменце наўпрост сцвярджаецца, што гэтай сістэмай кіравалі дзяржаўныя ўстановы.

Як распавёў былы кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгор Родчанкаў, які вымушаны быў збегчы з Расеі, падмена мачы расейскіх спартоўцаў у прабірках ажыццяўлялася праз невялікія адтуліны ў сценах будынку антыдопінгавай лабараторыі ў Сочы. Ён мяркуе, што пра сістэму допінгу ў Сочы ведалі прэзідэнт Уладзімір Пуцін і тагачасны міністр спорту Віталь Мутко.

У выніку расследавання, якое цягнулася паўтара года, Міжнародны алімпійскі камітэт не дапусціў зборную Расеі да ўдзелу ў зімовай Алімпіядзе 2018 г. у Паўднёвай Карэі. На гульні не акрэдытавалі ніводнага спартовага чыноўніка. На Алімпіядзе не гучаў расейскі гімн, а ў спаборніцтвах удзельнічалі толькі «чыстыя» спартоўцы, але пад нейтральным алімпійскім сцягам пад назваю «алімпійскія спартоўцы з Расеі».

Таксама Расея страціла 11 медалёў з Алімпіяды 2014 г. у Сочы і апусцілася на трэцяе месца ў агульным заліку.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў