У атрыманне сёмага траншу крэдыту ЕФСР можа ўмяшацца палітыка


Беларусь выканала ўсе ўмовы для атрымання сёмага траншу крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) памерам $ 200 млн. Пра гэта заявіў 29 сакавіка міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

«Мы інфармавалі нашых расейскіх калег пра тое, што ўмовы сёмага траншу выкананыя ў поўным аб’ёме», – заявіў ён, перадае БелТА.

Міністр спадзяецца, што ў бліжэйшы час будзе падрыхтаванае заключэнне экспертнай рады фонду, па выніках якога ЕФСР можа прыняць рашэнне пра вылучэнне траншу.

«Якое гэта будзе рашэнне – станоўчае ці адмоўнае – яго будзе прымаць савет фонду. Мы спадзяемся на станоўчае рашэнне ў хуткім часе», – сказаў Максім Ермаловіч.

Нагадаем, што пагадненне аб атрыманні Беларуссю сямʼю траншамі $ 2 млрд крэдыту было падпісана яшчэ ў 2016 годзе. Наша краіна ўжо атрымала шэсць траншаў, прычым з істотным спазненнем. У снежні 2018 года Максім Ермаловіч заяўляў, што Беларусь можа атрымаць сёмы транш ужо ў студзені 2019-га. Але замест гэтага Савет ЕФСР толькі ўнёс змены ў Праграму рэформаў для беларускай эканомікі, выкананне якой – ключавая ўмова для атрымання апошняй часткі крэдыту.

Hавiны
Беларусь атрымае чарговы транш крэдыту ЕФСР, калі выканае ўмовы Фонду
2019.01.16 15:43

Крытычных наступстваў без траншу не будзе

У каментары belsat.eu старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб адзначыў, што Беларусь, хутчэй за ўсё, сапраўды выканала ўмовы для атрымання сёмага траншу. Тым больш, што, заявіў ён, пасля карэкціровак у студзені ў Праграме рэформаў заставаліся перадусім фармальныя ўмовы. Таму, на яго думку, эканамічных прычын не даваць Менску апошнюю частку крэдыту няма. Але з другога боку могуць узнікнуць юрыдычныя перашкоды.

«Для атрымання траншу ЕФСР мала таго, што павінен прызнаць умовы выкананымі, ён яшчэ мусіць працягнуць тэрмін, калі можна выдаць грошы. Тут пачынаюцца чыста палітычныя моманты. Ці будзе палітычнае рашэнне грошы даваць, ці наадварот грошы не даваць. Калі ёсць палітычнае рашэнне ў Расеі даць грошы, дык праблем не будзе. Калі ёсць адваротнае рашэнне, ЕФСР можа спаслацца на тое, што ў вас быў тэрмін да канца сакавіка. Вы не паспелі, вінаватыя самі, не дамо, праграма скончаная без апошняга траншу», – заявіў эканаміст.

Разам з тым, на яго думку, ёсць надзея, што абвастраць адносіны з Беларуссю зараз не зусім у інтарэсах Расеі, тым больш што на пасля «нядаўняй сваркі на ўзроўні МЗС з абодвух бакоў пайшлі прымірэнчыя заявы».

«На гэтым фоне вельмі верагодна, што гэтыя грошы мы атрымаем», – сказаў Вадзім Іосуб.

Тым не менш, заявіў суразмоўца, нават адсутнасць $ 200 млн апошняга траншу не прывядзе да дэфолту, скачку курсу ці іншых адчувальных наступстваў. Паводле яго, гэтую суму могуць накіраваць на вяртанне іншых даўгоў, у тым ліку ЕФСР. І хоць з гэтымі грашым будзе трошкі прасцей, крытычных наступстваў без іх не будзе, падкрэсліў эксперт.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў