У антыфашыста Іллі Валавіка праблемы з сэрцам – і яго не лечаць


Антыфашыст Ілля Валавік, які два з паловай гады сядзіць у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве, мае праблемы з сэрцам і ныркамі, лечыцца толькі таблеткамі, якія перадае яму маці. Паводле сям’і зняволенага, медычную дапамогу акажуць толькі тады, калі яму стане зусім кепска.

Паводле Раісы Ігараўны, маці асуджанага па «справе антыфашыстаў», сын пачаў спаць у турме толькі пасля таго, як псіхолаг выпісаў яму антыдэпрэсанты. Паводле яе, цяпер у яго «баліць і выскоквае сэрца».

«Імаверна, у яго развілася тахікардыя. Нічога з таго, што яму прапісалі там лекары, не дапамагло. Ведаеце, усё на нервах. Гэта наступствы смерці бацькі і смерці бабулі», – кажа спадарыня Раіса.

Сёлета цягам паўгода Ілья страціў бацьку і бабулю. На пахаванне яго не адпусцілі.

Раней у Іллі знайшлі камень у нырках, было падазрэнне на востры панкрэатыт.

«Калі я выйшла пасля спаткання з ім, я сказала лекару, што толькі скончыўся курс лекаў, якія я яму высылала. Лекар сказаў: Паабяцаў, што зробіць аналіз крыві і мачы, і калі нешта там выявіць, то ў найлепшым выпадку адправіць яго толькі на планавае УГД. Ён сказаў: «Тут не кажуць пра гэта – гэта турма».

Падчас шыцця турэмнага адзення ў руку Валавіка трапіла іголка, якую турэмныя дактары не могуць дастаць, і яна закапсулявалася.

«Цяпер самая вялікая праблема – з сэрцам. Мяне хвалюе ягоны боль у грудзях. Я сказала ў турме, што трэба з лекарамі трэба параіцца, бо ў іх няма вузкіх спецыялістаў. А яны мне: «Нічым не можам дапамагчы». Яго будуць лячыць, калі яму стане кепска», – кажа Раіса Ігараўна.

«Таксама ў яго цяжкае псіхалагічная сітуацыя. Паўгода таму яму павінныя былі выпісаць заахвочванне, ён пісаў заяву. Але калі мы мелі спатканне, прыязджаў ГУБОП і заява кудысьці знікла. Яму сказалі: «Будзеш дамагацца заахвочвання – выпішам парушэнне». Прыпісаць могуць што заўгодна – як прыпісалі па гэтай справе», – дадае спадарыня Раіса.

У сакавіку 2016-га Іллю Валовіка асудзілі паводле часткі 3 артыкулу 339, а таксама паводле часткі 2 артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу на 10 гадоў пазбаўлення волі. Ягоныя сябры Філіп Іваноў і Вадзім Бойка атрымалі па чатыры гады калоніі, Дзмітрый Цехановіч – шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Падставаю справы стала здарэнне ў чэрвені 2014-га, калі, паводле праваахоўнікаў, фанаты футбольнага клубу «Партызан» (якія звычайна прытрымліваюцца антыфашысцкіх поглядаў) на машынах блакавалі рух тралейбуса, у якім ехалі іхныя праціўнікі – фанаты менскага «Тарпеда» (некаторыя з іх вядомыя неанацысцкімі поглядамі). Фанаты «Партызану» забеглі ў тралейбус, выбілі ў ім шыбы, распылілі слезацечны газ і напалі на «тарпедаўцаў». Фанатаў абвінавацілі ў хуліганстве.

На судзе большасць пацярпелых адмовіліся ад прэтэнзіяў да абвінавачаных. Фігуранты справы заяўлялі пра незаконны ціск на іх з боку сілавікоў падчас следства. Валавік казаў, што аператыўнікі пагражалі тым, што ягоная цяжарная жонка будзе нараджаць у турме.

Некаторыя грамадскія актывісты лічаць Валавіка палітвязням, бо жорсткі прысуд у яго адносінах абумоўлены ягонымі палітычнымі поглядамі. Праваабаронцы не прызнаюць Валавіка палітвязнем.

Маці, жонка і дачка Валавіка знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы, маючы даўгі па крэдытах за паслугі адвакатаў. Сёлета сябры вязня запусцілі старонку з інфармацыяй, як можна дапамагчы вязню.

ДД

Стужка навінаў