У АНТ заявілі пра ціск на сваіх журналістаў

Дзяржаўны тэлеканал АНТ адрэагаваў на зварот аб’яднанага штабу. Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава заявілі, што трансляцыі ілжывых і сфабрыкаваных сюжэтаў за кошт падаткаплатнікаў – непрымальна. У адказ АНТ распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім назваў гэты зварот ціскам на сваіх журналістаў.

Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава звярнуліся ў АНТ са патрабаваннем сумленнага тэлебачання. Аўтары звароту падкрэслілі, што кожны беларус мае права выказаць нязгоду з тым, як дзяржаўныя тэлеканалы замахваюцца на прэзумпцыю невінаватасці, падвяргаюць сумневу тэзісы Закона аб СМІ, і заклікаюць грамадзянаў падаць зварот на АНТ.

«Усе беларусы заслугоўваюць сумленнае тэлебачанне, а такі тэлевізар мы не хочам глядзець. Гэта недапушчальна само па сабе, але яшчэ і наўпрост уплывае на перадвыбарчую кампанію – кандыдаты з’яўляюцца на экранах толькі ў непраўдападобным і негатыўным святле», – гаворыцца ў заяве абʼяднанага штабу.

У адказ прагучала, што зварот зʼяўляецца спробай стварыць штучны палітычны ажыятаж вакол АНТ. Гэта дзяржаўны канал ацэньвае як ціск на журналістаў у сувязі з выкананнем імі прафесійных абавязкаў.

«Карыстаючыся выпадкам, хочам заклікаць арганізатараў падобных акцыяў да асабістай адказнасці за распальванне варожасці ў грамадстве і пакалечаныя лёсы маладых людзей», – гаворыцца ў заяве АНТ.

«Дамовіліся за 15 хвілінаў». Адбылася першая прэс-канферэнцыя Цапкалы, Ціханоўскай і Калеснікавай

СК belsat.eu

Hавiны