Вялізныя чэргі ў анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах, што пад Менскам, пра якія напісаў прадпрымальнік Віктар Гарбачоў у Facebookʼу, абурылі карыстальнікаў беларускага сегменту інтэрнэту. Прадпрымальнік падлічыў, што толькі ў адным крыле аднаго паверху прыёму чакалі больш за 120 асобаў. Праблему, замоўчаную дзяржаўнымі медыямі, пацвярджаюць наведнікі Цэнтру.
«Чэргі заўсёды вялікія і ў гэтай паліклініцы, і ў старой было людзей вельмі шмат, і дабаўляюцца», – кажуць наведнікі.
«Сядзяць вельмі шмат, на калідоры чакаюць аж пакладуць».
«Так, бывае 5-6 гадзінаў, ёсць такая праблема, так ёсць».
Перадусім, як кажуць людзі, не стае апаратуры ды дактароў.
«Вельмі маленькі інтэрвал прыёму, і атрымліваецца накапленне людзей… доктар хоча ўдзяліць больш увагі, ліміт абмежаваны… трэба з гэтым нешта рабіць, у калідорах вельмі шмат людзей, гэта праўда», – кажа наведніца.
У сваю чаргу аўтар допісу, які выклікаў бурную рэакцыю, лічыць, што з боку дзяржаўных чыноўнікаў неэтычна будаваць дзясяткі лядовых арэнаў ды забяспечваць працаю тысячы сілавікоў у той час, калі людзі, хворыя на рак, мусяць праводзіць доўгія гадзіны ў чаканні прыёму лекара.