У Алжыры пратэстуюць супраць пятага тэрміна 82-гадовага прэзідэнта. Параненыя больш за 180 чалавек


Паводле Міністэрства аховы здароўя Алжыру, падчас акцыяў пратэсту супраць вылучэння на пяты прэзідэнцкі тэрмін прэзідэнта Абдэль Азіза Бутэфліка атрымалі раненні 183 чалавека.

У акцыі пратэсту ў сталіцы краіны ўвечары 1 сакавіка прынялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек – гэта былі самыя буйныя антыўрадавыя выступы з часоў «арабскай вясны» 2011 года. Пераважна пратэсты ў Алжыру праходзілі мірна, але калі дэманстранты паспрабавалі прайсці маршам да будынкаў парламенту і ўраду, адбыліся сутычкі з паліцыяй. У выніку сілавікі разагналі акцыю з выкарыстаннем слёзаточывага газу.

Прэзідэнту Абдэль Азізу Бутэфліку 82 гады. Ён кіруе краінай з 1999 года. У 2013-м ён перанёс інсульт і з тых часоў рэдка з’яўляецца на публіцы і з цяжкасцю размаўляе. Падчас акцыяў пратэсту прэзідэнт знаходзіўся ў шпіталі.

Інфармацыя пра тое, што ён будзе вылучацца на новы тэрмін (пра гэта ў лютым абвясціла кіроўная партыя) выклікала хвалю абурэння ў алжырскім грамадстве.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў