У Алжыры – масавыя пратэсты супраць пятага тэрміна 82-гадовага прэзідэнта


Дзясяткі тысячаў алжырцаў прымаюць удзел у пратэстах супраць вылучэння на пяты прэзідэнцкі тэрмін Абдэль Азіза Бутэфліка, які кіруе краінай з 1999 году.

Пратэсты падтрымаў шэраг дэпутатаў ад кіроўнай партыі. 8 сакавіка адзін з самых папулярных імамаў Алжыру ў сваёй традыцыйнай малітве не згадаў прэзідэнта, а толькі пажадаў народу краіны ўсяго найлепшага.

Масавыя дэманстрацыі ў Алжыру цягнуцца з канца лютага. Пераважна пратэсты праходзілі мірна, але, калі на мінулым тыдні дэманстранты паспрабавалі прайсці маршам да будынкаў парламенту і ўраду, адбыліся сутычкі з паліцыяй. У выніку сілавікі разагналі акцыю з выкарыстаннем слёзаточывага газу, больш за 180 чалавек атрымалі раненні. Аднак 8 сакавіка пратэсты аднавіліся.

Прэзідэнту Абдэль Азізу Бутэфліку 82 гады. Ён кіруе краінай з 1999 года. У 2013-м ён перанёс інсульт і з тых часоў рэдка з’яўляецца на публіцы і з цяжкасцю размаўляе.

Інфармацыя пра тое, што ён будзе вылучацца на новы тэрмін (пра гэта ў лютым абвясціла кіроўная партыя) выклікала хвалю абурэння ў алжырскім грамадстве.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў