У актывісткі Матчынага руху 328 – гіпертанічны крыз, у больніцу яе не паклалі


Жанчыне стала кепска на восьмы дзень галадавання.

У галадоўніцы Матчынага руху 328 Ірыны Агароднікавай – гіпертанічны крыз. Жанчыне стала кепска на восьмы дзень галадоўкі. Паплечніцы выклікалі хуткую дапамогу, калі яна ўпала. Лекары хуткай канстатавалі гіпертанічны крыз і забралі галадоўніцу ў шпіталь Мар’інай Горкі. Аднак Ірыну Агароднікаву не шпіталізавалі, а выправілі дадому.

Фота прадстаўлена актывісткамі Матчынага руху 328

«Яна тры гадзіны чакала на вуліцы, пакуль мы знайшлі машыну і прыехалі за 30 кіламетраў, каб яе забраць», – кажа адна з галадоўніц Алена Кузьміна.

Актывісткі руху напісалі скаргу на дзеянні лекараў Цэнтральнага раённага шпіталю ў М. Горцы. Да іх ужо прыязджалі прадстаўнікі кіраўніцтва шпіталю, каб узяць тлумачэнні. Ірына Агароднікава з гіпертанічным крызам па-ранейшаму знаходзіцца на месцы галадоўкі, жанчыны лекуюць яе ўласнымі сіламі.

***

Тры жанчыны Матчынага руху 328 Алена Кузьміна, Ала Берналь і Ірына Агароднікава ад 16 ліпеня трымаюць галадоўку ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. Яны патрабуюць перагляду судовага выраку іх дзецям, асуджаным паводле часткі 4 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу. Частка 4 прадугледжвае самае жорсткае пакаранне (да 20 гадоў зняволення) – за выраб і распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай групы. Жанчыны заяўляюць, што іх дзеці не з’яўляюцца вытворцамі наркотыкаў і арганізатарамі наркатрафіку, а толькі наркаманамі і патрабуюць змяншэння зняволення.

Абноўлена
Штаб Ціханоўскай наведаў актывістак руху «Маці 328». «Белсат» ладзіў СТРЫМ
2020.07.22 10:45

Галадоўніцы таксама патрабуюць стварэння незалежнай камісіі і сустрэчы з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, каб абмеркаваць становішча, у тым ліку – праблемы наркаманіі і наркотыкаў у Беларусі. Актывісткі накіравалі заявы аб распачатай галадоўцы і сваіх патрабаваннях у адпаведныя дзяржаўныя структуры, аднак адказу ад чыноўнікаў, у тым ліку мясцовых, яны не атрымалі.

Галіна Абакунчык Belsat.eu

Стужка навінаў