У актывістаў забралі ў прытулак дзіця


Шасцігадовы Арцём, сын актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця, з учорашняга вечара знаходзіцца ў прытулку Фрунзенскага раёну, заявіла ў Facebook Ірына Халіп.

Учора, 17 верасня, Алена Лазарчык была затрыманая каля 16.00, калі выйшла з офісу праваабарончага цэнтру «Вясна». Яе ні ў чым не абвінавачвалі, ніякіх пратаколаў не складалі, але пратрымалі да 23:00.

Калі Лену выпусцілі, выявілася, што педагогі школы №126, дзе ў першым «Б» класе вучыцца Арцём, пасля таго як да 18.00 маці не забрала дзіця з падоўжанкі, выклікалі органы апекі, і шасцігадовага Арцёма павезлі ў прытулак Фрунзенскага раёну. Ні бацьку, ні 23-гадовай сястры Марыне, ні бабулі Арцёма са школы не патэлефанавалі, хоць усе іх кантакты ёсць у асабістай справе дзіцяці і непасрэдна ў класнага кіраўніка.

Сёння, 18 верасня, да Алены прыйшлі з апекі правяраць умовы жыцця Арцёма, але дзіця дагэтуль не аддаюць. Таксама з ім не даюць убачыцца.

Стужка навінаў