«У абліччы адчаю». Валярына Кустава да дня народзінаў Анатоля Сыса


Анатоль Сыс

Анатоль Сыс – паэт, культавы аўтар беларускай літаратуры, нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў, Рэчыцкага раёну Гомельская вобласць. Памёр 4 траўня 2005 у Менску.

Мой бацька не разумеў, як можна захапляцца вечна п’яным і эпатажным эгаістам, кім бы той ні быў. Мая бабуля Валя ўгаворвала: «Толічак, што ж ты з сабой робіш! Мо завядзі сабе дзетак – ты ж любіш дзетак. Ажаніся, Толічак, а то страціш сябе, а ты ж Богам пацалаваны! Зваж, як дзяўчаткам падабаешся… Няўжо табе ніхто не даспадобы?» На што Сыс адмахваўся: «У мяне, Валянціна Адамаўна, адна каханая – «Ізабэла!» [«Ізабэла» – назва віна – В.К.] І прыціскаў да грудзей пляшку.

Ніхто не мае права жыць з Паэтам,

кахаць, пакутаваць і раўнаваць яго,

не тыя дні, калі б ён дбаў пра гэта,

не той напой, які б ён піў нагбом.

А якую хвілю змаўчаўшы, дадаваў: «Дый жыву пры зоне: кожнага разу як прыязджаю ў родны Гарошкаў, так і хаваю каго-небудзь з аднавяскоўцаў, часцей за астатніх гінуць дзеці. Забівае іх радыяцыя. А я не хачу, каб маіх дзетак забіў Чарнобыль!»

Ня ведаю, ці то такое тлумачэнне ён прыдумаў спецыяльна для маёй бабулі, ці то для сябе… Ды так ён казаў.

Росквіт яго таленту прыпадае на канец 1980-х – пачатак 1990-х – час спадзяванняў і няспраўджаных надзей. Росквіт адраджэння змяніў скепсіс. Хаўруснікі выраслі. Сыс жа так і не змог пасталець, так і застаўся птушанём, што «па-беларуску плача». Ужо не выпадала зароўваць Плошчу са сцэнаў мітынгаў ды шматлікіх канцэртаў. А іншага ён не ўмеў. Плошча разбеглася па хатах…

Паэт сказаў: п’ем за Айчыну!

І кожны выпіў: за сябе…

Сыс даваў надзею іншым, безнадзейна страчваючы яе сам. І Сыс кінуў: «Паэты заўсёды былі непатрэбнымі. Але з’яўляліся, нават у тыя часы».

Калі мне было дзесяць гадоў, мы з бацькамі жылі ў здымнай аднапакаёўцы на краі глухога Сухарава. Быў позні вечар. З пранізлівым скразняком, не распранаючыся, да нас заляцеў Сыс. Не ведаю як мама, і тым больш тата, але майму шчасцю не было межаў. Я бегла да сваёй таемнай скарбонкі, і вытрасала з яе свае першыя ганарары – ахвяравала на самоту паэта.

Я збірала ўсе яго публікацыі, мела ўсе нешматлікія выданні з яго вершамі. І таму, калі на ХІV з’езьдзе СБП убачыла кнігу «Сыс», то, безумоўна, набыла. Побач са сталом, ці то прысеў, ці то прылёг сам аўтар. Ён быў настолькі непазнавальны ў сваім верленаўскім настроі, што ледзь нагадваў чалавека. Уцялесненую пакуту, увасоблены боль.

Я так і не здолела падпісаць у яго асобнік. Брыдка стала глядзець, як нейкі графаман, ухапіўшы Сыса за каўнер, усадзіў яго за стол і радасна прадыктаваў тэкст таго, што надпісаць – ледзь не сам вадзіў Сысавай рукой! А той няўцямна-паслухмяна выконваў.

На другім курсе я напісала пра Сыса артыкул. Паэт папрасіў, каб я яму артыкул прывезла, і каб вершы свае ўзяла. Я захапіла сваю кнігу «Каб неба сагрэць…», якая толькі што выйшла. Яго кватэра здзівіла. Жорсткі мінімалізм у рэчах, але ўсё на дзіва ахайна. Кватэра відавочна належала маргіналу, але парадак, як у добрай гаспадыні. «Вось яна, баскетбалістка! Юрась, Кустава ўсё ж прыйшла! Я ж табе казаў, а ты не верыў! Ты прайграў!»– так ён прадставіў мяне Юрасю Волкаву, свайму прыяцелю, які нібыта прыехаў з Канады.

Юрась асцярожна пацікавіўся: «А вы праўда баскетбалістка?» «Выступала са сваёй школьнай камандай на гарадскіх спаборніцтвах…» Сыс радасна ўскрыкнуў: «Во як ведаў! А я таксама спортам займаўся, вось памацай, якія ў мяне біцэпсы… Ну як, га?» Памацала: біцэпсы напраўду меліся.

Селі за стол. Юрась выпадкова зачапіў шклянку з сокам, разлілося на цырату. Сыс незадаволена кінуў: «Асцярожна ж трэба… Кустава, будзеш за гаспадыню, ідзі на кухню за анучай! Там знойдзеш!» Я пачала выціраць стол. Сыс выхапіў анучу: «Хто ж так выцірае? Якая ж з цябе гаспадыня! Дай сюды, я сам! Вучыся…» Ён усё прыбраў. Сапраўды, паслядоўна, умела, па-гаспадарску.

Анатоль і Юрась, доўга баялі мне байкі, прыдумлялі казкі…

Асабліва ганарыўся Сыс тым, што на ягоным ложку добрая паэтка і някепскі празаік зрабілі дзіця, а да гэтага ў іх доўга не атрымлівалася. Таму ў яго святарны ложак. Паказваў мне свой скарб – новыя вершы, якія чакаюць свайго часу, таму ён нікому не дае іх друкаваць пакуль.

«Называй мяне на «ты» і Толік! Кажы як паэт паэту: на «ты»! Тым болей мы ўжо даўно знаёмыя!» – усміхнуўся ён. – «І яшчэ адно. Я буду мацюкацца, бо я такі. Ты прывыкнеш. Усе прывыкаюць. Я табе давяраю, верыш? Што маўчыш? Вось, можаш мяне памацаць дзе хочаш, можаш што хочаш са мной рабіць…» – узрушыўся Сыс. Зніякавеўшы, я пацепнула плячыма. Балазе ён спыніўся. А ў памяці ўсплылі яго радкі:

Я дарэшты ў тваёй уладзе

што хочаш рабі з маім брыдкім целам

Сыс – са словамі: «Трымай, гэта мой падарунак табе!»– падпісаў сваю кнігу, хоць я і прасіла, каб не падпісваў, успомніўшы выпадак на з’ездзе. Вокладка была ў крыві. Ён патлумачыў, што быў парэзаў руку, а кроў не выводзіцца з паперы, не ў пральную ж машыну яе класці? Праўда што. Сказаў, што яно да лепшага нават: падарунак будзе яшчэ даражэйшы за звычайны асобнік, бо на ім – кроў паэта, як з аднайменнага фільма Жана Както. Ён падпісаў не пафасна, добра: «Валера, я цябе люблю! Будзь побач са мною! горад-герой Гарошкаў. Сыс». Сказаў, што хоча, каб была побач, што мы – як брат і сястра, як бацька і дачка.

Слухаючы яго, прыгадала радкі Дубоўкі: «У душы паэта – чорт зламае карак…»

«Хто ты ў паэзіі? Не маўчы, адразу адказвай! Я – сын Янкі Купалы і брат Максіма Багдановіча» – тураваў Сыс, ускідваючы рукі. У ім дзіўным чынам спалучалася немаўлячае ды сівое.

Мне трэба было вяртацца дадому. Ён не хацеў адпускаць. Хацеў пацалаваць. Мяне перасмыкнула. Сыс засмуціўся: «Гідзішся мяне?» Адказала: «Не цябе. Гарэлкі»

Сыс з дакорам заўважыў: «Ты што, не ведаеш?! Ёсць агідныя словы. Агідных паэтаў няма!»

Па-чалавечы ад Сыса сысці – бо ўсё ніяк не адпускаў гаспадар! – дапамог той самы Юрась Волкаў, які і злавіў для мяне таксоўку.

Сыс узяўся нас праводзіць. Варта было бачыць, як ён збіраецца на вуліцу: ну чыста дзіця, якое баіцца, што бацькі могуць на яго забыцца. «А як жа я?! Дайце хоць рукі вымыць! Ну пачакайце! Тут стойце, каб я бачыў! Дзе вы? Кустава, ты тут? Ну, стойце! Я ўжо іду!» І ў той момант калі Сыс нацягваў абутак, мы з Юрасём, як хутчэй кінуліся ўніз па прыступках. Да слова, Сыс жыў на верхнім паверсе, таму бегчы было што.

Летам 2004-га (акурат на ўгодкі па Васілю Быкаву) Анатоль Сыс прысутнічаў пры маім уступленні ў Саюз пісьменнікаў. Узрадаваўся: «О, Кустава, і ты тут?!» – пачаў усім хваліцца, што я да яго прыязджала, прывозіла кнігу. Замінаў выступоўцам. «Толік, ціха!» Было прыемна мне, як малой дзяўчынцы, што паслухаўся. І маўчаў – ледзь вытрываў! – пакуль пра мяне ішла гаворка. Потым зноў сарваўся, яго вывелі, паабяцаўшы, што яму толькі што прывезлі тэлевізар, які ён так даўно хацеў. Сыс паверыў, пайшоў, толькі спытаўся: »А вы мне не маніце, праўда прывезлі?! Вой, як добра!»

4 траўня Сыс не стала – горлам пайшла кроў, «захлынуўся крывёю Пярун». 9 траўня 2005 развітваліся з паэтам. Я прынесла яму высокую белую ружу з вялікімі калючымі шыпамі. Менск чырванеў пераможнымі сцяжкамі і поўніўся святочнай мітуснёю. А беспрытульны беларускі Паэт ляжаў у труне, прыкуты да Слова.

Яго вершы палалі, словы апякалі. Сысава стыхія – агонь. Ён прыйшоў з агнём. І сышоў з ім жа.

Пра яго нараджэнне папярэдзіў пажар. А ўвечары яго пахавання далі салют, яркі, каляровы, прыгожы, ад якога закладала ўвушшу.

Вечка труны так і не адсунулі. Так і не развіталіся з ім дарэшты. Так і не адпусцілі. Так і не адпусціў. І не адпусціць.

Не ганіце мяне! Не ганіце…

Менск – 2003-2007-2017. Фрагменты, паводле нарыса «У абліччы адчаю», змешчанага цалкам у часопісе «Дзеяслоў» №5(36) за 2008 год.

Валярына Кустава, belsat.eu, фотаздымкі Уладзіміра Сапагова

Стужка навінаў