У абласных цэнтрах падаражэў праезд у грамадскім транспарце


Паездкі тралейбусам, аўтобусам і трамваем у Віцебскай і Гарадзенскай вобласцях падаражэлі на 5 капеек. Цяпер у абласных цэнтрах праезд каштуе 55 капеек. У кіроўцы за талон прыйдзецца заплаціць 65 капеек.

Новыя тарыфы ўваходзяць ад 28 лістапада. Гэткія рашэнні ўхвалілі мясцовыя аблвыканкамы.

У Гомельскай і Магілёўскай вобласцях цана праезду пакуль не змянілася.

У Менску таксама разглядаюць магчымасць павялічыць кошты. У гэтым выпадку праезд у Менску ў наземным транспарце будзе каштаваць 65 капеек, у метро – 70 капеек.

Месячныя праязныя таксама будуць каштаваць даражэй.

У гарадах з насельніцтвам больш за 250 тысяч чалавек за праязны на месяц на ўсе віды транспарту трэба будзе заплаціць 13 рублёў 79 капеек.

Апошні раз праезд у гарадскім грамадскім транспарце ў Менску даражэў год таму – таксама на пяць капеек.

У міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю заяўляюць, што на сёння беларусы аплочваюць 70,7 % выдаткаў на праезд у гарадскім аўтамабільным транспарце, рэшту кампенсуе дзяржава.

Летась у Беларусі зацвердзілі антыінфляцыйную праграму, якая прадугледжвае, колькі беларусы будуць кампенсаваць да 2020 года за жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама за праезд у грамадскім транспарце.

Паводле яе, праз два гады пасажыры будуць аплочваць не менш за 80 % кошту праезду ў гарадскім транспарце і не менш за 65 % – у прыгарадным.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў