У 70 - на марафон!


У Віцебску адбыўся міні-марафон «Самы час!», у якім удзельнічалі толькі пажылыя людзі. Працягласць дыстанцыі – два з паловай кіламетры.

Гэтую адлегласць можна было не толькі прабегчы, але і прайсці звычайным крокам, або скандынаўскай хадзьбой. Пераможцы вызначаліся сярод мужчын і жанчын да 70 і пасля 80 гадоў. Самаму пажылому ўдзельніку марафону – 83 гады.


Людміла Кісліца, адна з удзельніц клубу пажылых людзей «Залаты ўзрост», расказала, што сярод пажылых людзей шмат падрыхтаваных да спартовых спаборніцтваў. Жанчына паўтары гады займаецца скандынаўскай хадзьбой на базе дыспансера спартовай медыцыны.

– Раней я займалася бодзіфлексам, аднак там кошт высокі – Br 250 тыс за месяц. Таму стала займацца больш таннай скандынаўскай хадзьбой. Ад такой незвычайнай тэхнікі хадзьбы, палепшылася здароўе, перастала балець галава, – дзеліцца ўражаннямі жанчына.

Для спрактыкаваных у скандынаўскай хадзьбе, два з паловай кіламетры марафону здаліся надта лёгкімі. Бо на трэніроўках праходзяць не менш за шэсць кіламетраў.

Арганізавалі марафон Прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі і Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт. Партнёрамі мерапрыемства былі віцебская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа і клуб пажылых людзей «Залаты ўзрост».

Разбураючы стэрэатыпы

Звычайна старэнне асацыюецца ў грамадства з пасіўнасцю, пагаршэннем здароўя ды выключэннем з сацыяльнага жыцця. Ванда Цюлькова, кіраўніца віцебскага клубу пажылых людзей «Залаты ўзрост», кажа, што прыйшоў час разбурыць гэтыя стэрэатыпы і прасоўваць у грамадства пазітыўны вобраз людзей старэйшага ўзросту.


У Беларусі актыўнасць пенсіянераў – хутчэй нязвыклая з’ява. А тым часам у Еўразвязе 27 % асобаў, старэйшых за 55 гадоў, займаюцца валанцёрскай працай у разнастайных грамадскіх арганізацыях. Пры гэтым, пажылыя еўрапейцы хочуць прымаць удзел у прыняцці рашэнняў, якія датычацца іх.

Еўразвяз падтрымлівае і пажылых людзей у Беларусі. Прыклад гэтаму – фінансаванне праекту «Пашырэнне магчымасцяў пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства», рэалізаваны беларускім Чырвоным Крыжом у Віцебскай вобласці. Паводле Наталлі Стасевіч, каардынатаркі праектаў Еўразвяза ў Беларусі, у межах гэтага праекту працуе 45 міні-ініцыятыў па прасоўванню інтарэсаў пажылых людзей.

– Старасць – гэта наша будучыня і да яе трэба рыхтавацца, – кажа Наталля Стасевіч. На думку жанчыны, наша грамадства няправільна ўспрымае старасць і пажылых людзей. Насельніцтва Беларусі, як і Еўропы, старэе. Напрыканцы 2013 года ў Беларусі колькасць насельніцтва старэйшага за 65 гадоў склала 13,8 %. Паводле прагнозаў, у 2050 годзе гэтая лічба можа павялічыцца да 26,7 %, а ў Еўропе – да 30 %.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў