У 2019 годзе Беларусь страціць ад падатковага манеўру Расеі да $ 500 млн. Катастрофа ці шанец для эканомікі краіны?


У выніку падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расеі, калі Менск не здолее дамовіцца з Масквою, Беларусь толькі ў 2019 годзе можа страціць прыблізна $ 400–500 млн. Такія лічбы 17 снежня падчас дакладу аб канчатковых варыянтах праектаў Падатковага кодэксу і Закону аб бюджэце на 2019 год агучыў Аляксандр Лукашэнка.

«Так, гэта прыстойныя грошы, але не катастрофа для краіны», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Яго цытуе прэс-служба.

Паводле яго, нават калі не атрымаецца дамовіцца, то «падатковы манеўр на нас навалам будзе ісці паступова з 2019 па 2024 год». У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць «перафарматаваць у нейкай ступені нашую ўнутраную, знешнюю палітыку», асабліва ў фінансавай сферы. Ён адзначыў таксама неабходнасць размеркаваць бюджэт так, «каб гэтыя сродкі патрапілі туды, куды трэба».

Hавiны
Лукашэнка пра расейскі падатковы манеўр: Трэба перафарматаваць унутраную і вонкавую палітыку
2018.12.17 11:30

З тым, што страта ў наступным годзе Беларуссю праз падатковы манеўр 400-500 млн долараў не будзе для Беларусі катастрофай, згодны і беларускі эканаміст, кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнесу Сяргей Балыкін.

«Катастрофай гэта сапраўды не будзе. Усё не рухне ў адзін момант. Але пэўныя дадатковыя цяжкасці з’явяцца», – адзначыў ён у каментары Belsat.eu.

Аб’ектыў
Нафтавы манеўр Расеі можа зблізіць Беларусь з Еўропай
2018.12.12 22:01

Гэтак, недахоп грошаў у бюджэце можа прымусіць да скарачэння некаторых праграм. Але ўплыву гэтых стратаў, напрыклад, на заробкі беларусаў, суразмоўца не бачыць, бо ў рэальным сектары эканомікі яны выплачваюцца не з бюджэту, а так ці інакш зарабляюцца. Паводле яго, калі ў нафтахімічнай галіне праз гэта і стане цяжэй, дык іншыя сферы падатковы манеўр закране вельмі ўскосна.

«Падатковы манеўр прывядзе да таго, што ў нас ужо не будзе такіх цікавых схемаў з Расеяй па энерганосьбітах, але гэтыя схемы таксама закранаюць вельмі абмежаванае кола суб’ектаў гаспадарання», – заявіў Сяргей Балыкін.

Аб’ектыў
Нафтавы манеўр Расеі ставіць «Белнафтахім» пад пагрозу разарэння
2018.11.30 22:05

Калі правядзем рэформы, то выйграем

Пры гэтым эканаміст выказаў меркаванне, што дадатковыя цяжкасці могуць стаць стымулам для беларускіх уладаў правесці больш радыкальныя і смелыя рэформы. У такой сітуацыі таксама лагічна даць больш свабоды малому бізнесу.

«Даць магчымасць адкрываць вытворчыя прадпрыемствы, даць пэўную падтрымку гэтым малым прадпрыемствам. Нават не столькі матэрыяльную, колькі маральную. Правесці сапраўдныя рэформы на буйных прадпрыемствах, рэфармаваць сістэму кіравання імі. Пераглядзець ролю дзяржавы як уласніка гэтых прадпрыемстваў», – заявіў эксперт.

ВІДЭА
У «Белнафтахіме» распавялі, што падатковы манеўр Расеі пагоршыць сітуацыю з цэнамі на паліва
2018.11.09 17:12

Але ж, адзначыў ён, пра гэта ў Беларусі і так шмат гаворыцца, а робіцца менш. Калі ж ва ўладаў хопіць смеласці і кампетэнцыі правесці неабходныя рэформы, Беларусь можа нават выйграць ад падатковага манеўру. Аднак у такой магчымасці Сяргей Балыкін сумняецца.

Нагадаем, што 11 снежня ў Маскве былі сарваныя расейска-беларускія перамовы аб кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру і зніжак на газ. Віцэ-прэмʼер РФ Дзмітрый Козак 11 снежня адмовіўся абмяркоўваць гэтыя пытанні з беларускаю дэлегацыяй «пакуль не будуць прынятыя прынцыповыя рашэнні пра далейшую інтэграцыю Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы».

Праз два дні прэмʼер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што агульная палітыка ў сферы цэнаў і тарыфаў магчыма толькі пры ўмове рэалізацыі пагаднення аб Саюзнай дзяржаве. Гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, агульнай мытні, судоў і разліковай палаты.

Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці таго, што пытанне кампенсацыі Беларусі за падатковы манеўр можа быць вырашана на яго сустрэчы з Уладзімірам Пуцінам 25 снежня ў Маскве.

МГ/belsat.eu

Стужка навінаў