Фонд «Краіна замкаў» збірае грошы на 3D-друкаркі, каб пабудаваць міні-ВКЛ пад Гальшанамі


Фонд «Краіна замкаў» распачаў кампанію па зборы сродкаў на дадатковыя 3D-друкаркі для стварэння мадэляў замкаў і святыняў Вялікага княства Літоўскага, якія стануць часткаю парку мініяцюраў у вёсцы Радзевічы (Ашмянскі раён), што ў пяці кіламетрах ад Гальшанскага замку. Грошы збіраюцца на краудфандынгавай пляцоўцы talaka.by.

На тэрыторыі 2,5 га пабудуюць макеты дзесяці беларускіх замкаў. Праект рэалізуюць пры фінансавай падтрымцы ПРААН. Маштаб абʼектаў 1:25 (вежа Мірскага замка будзе вышынёю ў 140 см). Аўтары праекту плануюць арганізаваць на хутары Радзевічы адмысловае месца начлегу і харчавання для турыстаў.

«Падобныя паркі, здаецца, ёсць у кожнай краіне, толькі ў Беларусі пакуль такога не было, – распавядае кіраўнік фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш. – Мы ліквідуем гэты недахоп. Я перакананы ў поспеху. Няма сумневаў, што людзі да нас паедуць. Гэта ж будзе першы падобны абʼект у краіне.

Памятаю, некалькі гадоў таму нешта падобнае спрабавалі зрабіць на Чыжоўскім вадасховішчы ў Менску – абвясцілі, што пабудуюць тэматычны парк «Беларусь у мініяцюры». Але потым палічылі, што акупіць такі парк можна будзе толькі за некалькі дзясяткаў гадоў. У выніку плюнулі і прызналі будаўніцтва нерэнтабельным. У прыватнікаў і дзяржструктураў абсалютна розныя падыходы да падобных праектаў. Я б будаваў гэты парк, нават калі б ПРААН не выдзеліла грант. Але я вельмі рады, што ў нас ёсць такі партнёр і што ён нам паставіў жорсткія тэрміны. 10 абʼектаў зʼявяцца яшчэ да жніўня 2016 года. У нас ужо ёсць архітэктар, які праектуе, і будаўнікі, якія пабудуюць замкі».

Паводле плану, пад Гальшанамі зʼявіцца мініатурны Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі, Віленскі, Тракайскі, Медніцкі замкі.

«Парк мініяцюраў»- гэта не РБ, а Вялікае княства Літоўскае», – кажа Алесь Варыкіш.

ЮВ, belsat.eu, паводле tio.by

Стужка навінаў