«У 1942-м было цяжэй». Як прыхаджане талакой рамантуюць згарэлы касцёл у Гожы


Касцёл св. Апосталаў Пятра і Паўла загарэўся 14 жніўня ад удару маланкі. Згарэла рызніца і пашкоджаны стогадовы арган. Аднак ксёндз і вернікі не апускаюць рукі ды кожны дзень збіраюцца і паціху наводзяць парадак.

Калі ўваходзіш у касцёл, у вочы кідаецца паўсюдная сажа з разводамі, якая пакрывае сцены ад падлогі да столі. Падчас гашэння вада выпарвалася і разам з куравам асядала на сценах. Святар Павал Шанчук пагадзіўся правесці нас па знішчаным касцёле.

Святар Павал Шанчук паказвае, дзе адбіваліся ад сцен маланкі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Вось бачыце, алтары адмылі. Абраз не пашкоджаны. Цалкам згарэла сакрыстыя. (У праваслаўных – рызніца, памяшканне, дзе захоўваецца вопратка святара і царкоўны інвентар). Тут унутры некалькі маланак адбіваліся ад сцен. Там уверсе быў шчыток і ўсе выключацелі. Маланка дала ў самы ўваход, дзе ўсе правады ўваходзяць у будынак касцёлу. Ёсць громаадвод. Яшчэ год не прайшоў, як рабілі праверку. Год назад была праверка ўсёй электрычнай праводкі. Усе паперы ёсць, бо некаторыя пішуць у каментарах, не ведаючы сітуацыю. Гэта стыхія. Але на шчасце праводка не пацярпела», – тлумачыць ксёндз Павал.

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы пасля пажару. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як распавёў айцец, цалкам згарэў архіў ад 1991 году з запісамі аб шлюбах і хрэсьбінах. Аднак найбольш шкада стогадовага аргану, які быў не так даўно адноўлены.

«Трубы аргану паплавіліся. Шкада. Бо ён грузам ляжаў там на гары. Сем гадоў назад мы яго аднавілі. Гэта была такая пярлінка ў касцёле. Мы ім вельмі ганарыліся. У нас нават дзве арганісткі ёсць. Але майстар сказаў, што знойдзе час і зробіць яго. Бо яго трэба разбіраць цалкам, чысціць ад сажы і па-новаму збіраць», – кажа святар.

Усё памяшканне касцёла пакрытае разводамі сажы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Не зважаючы на непрыемнае здарэнне, святар разам з вернікамі не апускаюць рукі. На наступны дзень пасля пажару людзі адразу ўзяліся за працу. У першыя дні збіраліся сотні чалавек, каб дапамагчы ўпарадкаваць святыню.

«У першыя дні было столькі чалавек, што я нават губляўся, каму якую працу даць. Трэба было смецце выносіць. Дзве машыны грузавыя смецця вывезлі. Усё трэба было адмываць. У першую чаргу алтар. Дзякуй Богу, што алтар зроблены з дуба, які вельмі цяжка загараецца. Таму згарэў толькі маленькі кавалачак падлогі каля сакрыстыі. Алтар і лавы засталіся цэлыя. Патрэскаліся крыху, але захаваліся», – тлумачыць святар.

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы пасля пажару. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Бяда ўз’яднала людзей»

Касцёл св. Апосталаў Пятра і Паўла апошні раз гарэў амаль 80 гадоў назад. У часе вайны 1942-м годзе у вежу святыні трапіў снарад і ўнутры касцёл цалкам выгарэў.

Вернікі кожны дзень прыходзяць наводзіць парадак у касцёле пасля пажару. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Таму я сваім вернікам кажу, што вашым дзядам было цяжэй. Тады і дах згарэў. Шчыра сказаць, то гэтая бяда вельмі ўз’яднала людзей. Я спачатку перажыў шок. А цяпер толькі пазітыўныя эмоцыі, бо бачыш людзей, якія арганізуюцца, тэлефануюць невядома адкуль, прапануюць дапамогу. Як мне сказала адна маладзенькая дзяўчына, гэты касцёл ва ўсе гады ратаваў людзей. І можа, гэтым разам таксама выратаваў. Бо касцёл стаяў пусты, а ўсе людзі хаваліся ад дажджу ў краме побач. Калі б маланка ўдарыла ў краму, гэта было б сапраўды старшна», – кажа айцец Павал.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як паведаміў святар, на надзены момант для дапамогі ў першую чаргу патрэбны мужчыны, каб зняць вокны. Таксама патрэбныя асобы, якія не баяцца вышыні, каб дапамагчы вымыць сцены перад тым, як прыйдуць майстры штукатурыць і перафарбоўваць святыню.

У наступным годзе касцёлу св. Апосталаў Пятра і Паўла спаўняецца 150 гадоў.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў